Джо Байдэн памілаваў свайго сына
Прэзідэнт ЗША памілаваў свайго сына Хантэра Байдэна, які быў прызнаны вінаватым і чакаў прысудаў па дзвюх крымінальных справах, піша Бі-бі-сі.
02.12.2024 / 07:24
Джо і Хантэр Байдэны. Фота: Jose Luis Magana / AP
«З першага дня на гэтай пасадзе я казаў, што не буду ўмешвацца ў прыняцце рашэнняў Міністэрствам юстыцыі, і я стрымаў слова, нават калі бачыў, як майго сына выбарачна і несправядліва пераследуюць», — гаворыцца ў заяве Байдэна.
Яшчэ ў верасні і сам Байдэн, і яго прэс-сакратар запэўнівалі, што ён не збіраецца выдаваць указ аб памілаванні сына.
У чэрвені прысяжныя прызналі 54-гадовага Хантэра Байдэна вінаватым у тым, што ён пры куплі зброі ў 2018 годзе схаваў той факт, што быў наркаманам.
Байдэн-малодшы стаў першым у гісторыі ЗША сынам дзейнага прэзідэнта, прызнаным вінаватым у злачынстве.
Затым, у верасні, Хантэр Байдэн сам прызнаў віну ў іншай справе — аб ухіленні ад падаткаў.
У заяве, апублікаванай увечары нядзелі, Джо Байдэн сцвярджае, што суды над яго сынам былі «заражаныя палітыкай» і таму скончыліся неправасуднымі рашэннямі.
«Калі я на гэтых выходных прыняў гэтае рашэнне, адкладаць яго выкананне больш не мела сэнсу. Я спадзяюся, што амерыканцы зразумеюць, чаму бацька і прэзідэнт прыйшоў да такога рашэння», — гаворыцца ў заяве.
Хантэр Байдэн таксама выступіў з заявай, у якой сказаў, што памылкі, якія ён здзейсніў, калі быў наркаманам, былі выкарыстаныя ў палітычных мэтах, каб публічна зняважыць і зганьбіць усю сям'ю Байдэнаў.
«Прысвячу жыццё дапамозе тым, хто ўсё яшчэ хворы і пакутуе», — заявіў сын прэзідэнта.
Прысуды Хантэру Байдэну павінны былі быць вынесеныя 12 і 16 снежня. Па другой справе, аб ухіленні ад падаткаў на суму 1,4 млн даляраў у 2016-2019 гг, яму пагражала да 15 гадоў турмы.