У Грузіі пратэсты ідуць чацвёрты дзень. Апазіцыя патрабуе эфіру на ТБ

Акцыі праходзяць не толькі ў сталіцы Грузіі, але і ў рэгіёнах — людзі выйшлі на вуліцы ў Хашуры, Батумі, Зугдзідзі, Кутаісі і іншых гарадах.

01.12.2024 / 22:53

Пратэсты ў Тбілісі, 1 снежня. Фота тут і далей: Paper Kartuli

Пратэсты ў Грузіі пачаліся 28 лістапада, пасля рашэння ўладаў прыпыніць еўраінтэграцыю да 2028 года. За гэты час спецназ тройчы разагнаў мітынгоўцаў на Руставелі, піша Paper Kartuli.

У Тбіліся пратэстоўцы перакрылі праспект Руставелі. Таксама перакрыты праспект Костава ля будынка Грамадскага вяшчальніка — там пратэстоўцы патрабуюць даць эфір прадстаўнікам апазіцыі і прэзідэнтцы Саламэ Зурабішвілі, якая выступае за еўрапейскі шлях Грузіі.

На праспекце Руставелі спецназ зноў ужыў вадамёт, размешчаны ва ўнутраным двары парламента. Мітынгоўцы кідалі туды петарды, смецце і камяні. Яны спрабуюць таксама асляпіць сілавікоў лазернымі ўказкамі, некаторыя запускаюць феерверкі.

Пратэстоўцы раздаюць людзям на вуліцы маскі і ваду.

Вадамёт пусцілі ў ход і на вуліцы Чычынадзэ.

Саламэ Зурабішвілі заявіла, што звесткі аб прыездзе з Украіны грузінскіх вайскоўцаў — правакацыя. Гэтыя чуткі нацэленыя на дыскрэдытацыю мітынгу, лічыць Зурабішвілі.

Яна таксама прапанавала стварыць фонд падтрымкі для выплат адміністрацыйных штрафаў пратэстоўцаў і заклікала аказаць ціск на Канстытуцыйны суд, які пакуль не прызначыў пасяджэнне для разгляду яе іску аб нелегітымнасці парламенцкіх выбараў.

На акцыях у гэтыя дні затрымана каля 200 чалавек. Паведамлялася таксама пра затрыманне беларуса Яўгена Муравіцкага, ён у СІЗА.

Пратэсты ў Грузіі радыкалізуюцца: на вадамёты адказваюць феерверкамі і кактэйлямі Молатава

Грузінскі прэм'ер абвінаваціў еўрапейскіх палітыкаў і «пятую калону» ў арганізацыі пратэстаў у Тбілісі

Польшча ўвяла «асаблівыя меры» для выдачы гуманітарных віз беларусам у Грузіі

За пяць гадоў абароны ў Грузіі папрасіла больш за 70 беларусаў, тром дзясяткам ужо адмовілі

Nashaniva.com