Прэм'ер Грузіі назваў затрыманых на пратэстах расіян і брытанца «інструктарамі, якія рыхтавалі радыкалаў»

Іраклій Кабахідзэ пракаментаваў затрыманне дзесяці замежнікаў на акцыі пратэсту ў Тбілісі.

01.12.2024 / 15:32

Іраклій Кабахідзэ. Скрыншот відэа

Прэм'ер-міністр Грузіі расказаў, што на пратэстах былі затрыманыя грамадзяне Расіі і Вялікабрытаніі. Кабахідзэ выказаў версію, што яны былі інструктарамі, якія нібыта дапамагалі арганізоўваць пратэсты, піша «Інтэрфакс».

«Былі затрыманыя грамадзяне Расіі, якія праявілі гвалт у адносінах да прадстаўнікоў праваахоўных органаў, і грамадзянін Вялікабрытаніі, які незаконна ўварваўся ў будынак парламента.

Магчыма, мы маем справу з замежнымі інструктарамі, якія інструктавалі радыкалаў на акцыі, але я не буду апярэджваць падзеі, гэта справа следства», — заявіў Кабахідзэ.

Ён заклікаў следства разабрацца, з якой мэтай расійскія грамадзяне і грамадзянін Вялікабрытаніі прыбылі ў Грузію.

Напярэдадні грузінскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю аб затрыманні паліцыяй на акцыях пратэсту супраць адмовы ад еўраінтэграцыі ў Тбілісі дзесяці замежных грамадзян.

Сярод затрыманых ёсць і грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі .

Nashaniva.com