Пратэсты ў Грузіі радыкалізуюцца: на вадамёты адказваюць феерверкамі і кактэйлямі Молатава

У сталіцы Грузіі 30 лістапада працягнуліся акцыі пратэсту супраць прыпынення еўраінтэграцыі. Пры гэтым супрацьстаянне паміж пратэстоўцамі і паліцыяй набывае ўсё больш жорсткі характар.

01.12.2024 / 02:01

Фота: AP Photo/Zurab Tsertsvadze

Паводле даных мясцовых СМІ, у ноч на 1 снежня на мітынг у сталіцы выйшла самая вялікая колькасць пратэстоўцаў за тры дні. Пры гэтым пратэст відавочна радыкалізуецца.

Сілавікі спрабавалі, як заўсёды, разагнаць людзей, якія сабраліся каля парламента, выкарыстоўваючы вадамёты.

Пратэстоўцы, у сваю чаргу, закідвалі паліцыю кактэйлямі Молатава, запаленымі петардамі, стралялі феерверкамі, кідалі камяні і бутэлькі. На праспекце Руставелі каля парламента былі збудаваныя некалькі барыкад.

Таксама невялікі пажар узнік у будынку парламента. Адзін з кабінетаў загарэўся пасля таго, як туды заляцеў піратэхнічны выраб, якімі апазіцыянеры закідвалі будынак.

МУС Грузіі заявіла, што «пратэст прыняў цалкам гвалтоўны характар», таму яно рыхтуецца выкарыстаць «усе спецыяльныя меры». СМІ мяркуюць, што слова «ўсе» азначае верагоднасць прымянення гумовых куль, бо вадамёты, слёзатачывы газ і пярцовы спрэй ужо выкарыстоўваліся.

З-за выкарыстанага паліцыяй газу многія дэманстранты і журналісты надзелі рэспіратары.

Тым часам ЗША заявілі пра прыпыненне стратэгічнага партнёрства з Грузіяй. Як адзначаецца ў заяве Дзярждэпартамента ЗША, рашэнне кіроўнай партыі «Грузінская мара» прыпыніць працэс уступлення краіны ў ЕС супярэчыць норме, замацаванай у яе канстытуцыі, адносна поўнай інтэграцыі ў Еўрасаюз і НАТА. Такім чынам улады адкінулі магчымасць больш цесных сувязяў з Еўропай і зрабілі Грузію больш уразлівай для Крамля. Дзярждэп заклікаў грузінскія ўлады вярнуцца на еўраатлантычны шлях.

Новая хваля пратэстаў узнялася ў Грузіі пасля таго, як 28 лістапада прэм'ер-міністр краіны Іраклій Кабахідзэ абвясціў, што ўлады вырашылі да канца 2028 года не пачынаць перамовы аб уступленні Грузіі ў Еўрасаюз і адмовіліся ад любых еўрапейскіх бюджэтных грантаў. Пасля гэтага ля будынка парламента на праспекце Руставелі ў Тбілісі пачаўся стыхійны мітынг, пратэсты працягнуліся і ў наступныя дні. Паліцыя жорстка іх разганяе, сярод сотняў затрыманых ёсць таксама беларус Яўген Муравіцкі.

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса

Грузінскі прэм'ер абвінаваціў еўрапейскіх палітыкаў і «пятую калону» ў арганізацыі пратэстаў у Тбілісі

У Тбілісі ў знак пратэсту прыпыніў працу рэстаран, папулярны ў лідараў «Грузінскай мары»

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Nashaniva.com