Экспарт расійскай зброі абваліўся ў параўнанні з 2021 годам у 14 разоў 

Расія фактычна перастане быць значным экспарцёрам зброі па выніках 2024 года, скараціўшы яго пастаўкі ў 14 разоў у параўнанні з апошнім перадваенным годам. Пра гэта сведчаць разлікі эксперта па абароннай палітыцы Паўла Лузіна, піша «Агентство».

29.11.2024 / 20:14

Фота ілюстрацыйнае

Паводле разлікаў Лузіна, выручка ад продажу расійскай зброі па выніках 2024 года складзе менш за 1 млрд даляраў. Годам раней гэты паказчык быў 3 млрд даляраў, у 2022 годзе — 8 млрд даляраў, а ў 2021 годзе — 14,6 млрд даляраў.

«Мы бачым, што Расія як экспарцёр узбраення ўвогуле правалілася. Тут зразумела, што ВПК разлічвае на прыпынак, замарозку, завяршэнне вайны з тым, каб вярнуцца да выканання экспартных кантрактаў, таму што яны давалі добры прыток у тым ліку цвёрдай валюты», — сказаў Лузін на канферэнцыі «Краіна і свет: расійскія рэаліі 2024» у Берліне.

Скарачэнне паставак за мяжу дазволіла Расіі вырабляць больш зброі для ўласнага войска, дадаў эксперт.

У сакавіку Стакгольмскі Міжнародны інстытут даследавання праблем міру (SIPRI) паведаміў, што Расія да 2023 года ўпершыню апусцілася на трэцяе месца ў спісе галоўных экспарцёраў зброі ў свеце, прапусціўшы наперад не толькі ЗША, але і Францыю. Паводле звестак інстытута, расійскі экспарт скараціўся ў два разы з 2014-2018 па 2019-2023 гады. Яшчэ ў 2019 годзе Расея пастаўляла зброю ў 31 краіну, а ў 2023-м — толькі ў 12.

Пра сур'ёзнае падзенне даходаў ад экспарту расійскай зброі сведчаць і звесткі, апублікаваныя на мінулым тыдні кіраўніком карпарацыі «Растэх» Сяргеем Чэмезавым. Паводле яго слоў, Расія, у 2021 годзе прадавала ўзбраенняў на 15 млрд даляраў, у 2022-м — на 7 млрд, у 2023-м — на 6 млрд. Паводле прагнозу Чэмезава, у 2024 годзе продажы будуць яшчэ меншыя.

Пуцінскі «гандляр смерцю» вярнуўся ў бізнэс

Знясіленыя вайной. Захад яшчэ дапамагае Украіне трымацца, але ўжо не дапамагае перамагаць

Украіна праспала дронавую рэвалюцыю? Чаму оптавалаконныя дроны мяняюць многае на полі бою

Кітай уводзіць кантроль над экспартам тавараў падвойнага прызначэння на фоне вайны ва Украіне

У Расіі афрыканцаў падманам прымусілі будаваць беспілотнікі

Nashaniva.com