Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш

Дырэктар дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы Дарыюс Яўнішкіс адзначыў у інтэрв'ю, што пагрозу для Літвы ўяўляе павелічэнне колькасці імігрантаў, якія прыязджаюць з Расіі і Беларусі. 

29.11.2024 / 21:37

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Паводле яго інтэрв'ю на TV3 Televizija, імігранты часта апынаюцца ў Літве зусім не па прычыне ўцёкаў ад рэжыму.

Большасць беларусаў — уладальнікаў літоўскіх ДНЖ сапраўды з'яўляюцца мігрантамі эканамічнымі, а не палітычнымі. 

Агулам па стане на 1 кастрычніка дзейны літоўскі ДНЖ усіх тыпаў мелі 60 792 грамадзяніна Беларусі. А трымальнікаў ДНЖ, выдадзеных на гуманітарных падставах, — 2445 чалавек, сярод якіх грамадзяне не толькі Беларусі, але Расіі і іншых краін. 

Але важна адзначыць, што колькасць гуманітарных ДНЖ не адлюстроўвае рэальную сітуацыю. У ранейшым інтэрв'ю «Нашай Ніве», літоўскі палітолаг і дырэктар Freedom House Vilnius Віціс Юрконіс выказваў меркаванне, што патэнцыйна па праваабарончай лініі ў Літве пражывае да 10 тысяч грамадзян Беларусі.

Аднак колькасць беларускіх імігрантаў у Літве не расце.

На піку літоўскі ДНЖ (любых тыпаў) мелі 62 844 грамадзяніна Беларусі. Так, паводле афіцыйных даных ад літоўскага дэпартамента міграцыі, было па стане на 1 красавіка 2024 года.

Праз паўгода, стане на 1 лістапада, такіх засталося 60 792, то-бок менш на 2000 чалавек. 

Колькасць замежнікаў з дзейным ДНЖ у Літве. Фота: скрыншот з сайта lrv.lt

Пачынаючы з траўня колькасць беларусаў з дзейнымі ДНЖ скарачаецца штомесяц.

А што з расіянамі?

Лічба грамадзян Расіі з літоўскімі ДНЖ таксама не расце. Калі на 1 студзеня 2024 года такіх было 15 888 чалавек, то па стане на 1 кастрычніка засталося 15 246. Пры гэтым менавіта грамадзяне РФ займаюць першае месца ў Літве па колькасці ПМЖ. Такіх нават больш за палову — 8517 чалавек. То-бок большасць расіян, якія пражываюць у Літве, жылі там задоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Беларусы па колькасці ПМЖ у Літве займаюць другое месца — 3732 чалавек. 

«У мяне як прадстаўніка разведкі і контрразведкі гэта выклікае жах»

Nashaniva.com