Раскошны круізны лайнер зламаўся па дарозе ў Антарктыду. Расіяне і кітайцы на борце абвясцілі галадоўку

Расійскія і кітайскія пасажыры патрабуюць ад кампаніі кампенсаваць 100% кошту.

29.11.2024 / 15:38

Скрыншот відэа

Круізны лайнер SH Diana кампаніі Swan Hellenic зламаўся па шляху ў Антарктыду. Круіз прыйшлося скараціць, і цяпер частка пасажыраў, якія марылі ўбачыць кантынент, абвясцілі галадоўку на борце.

Судна, якое спусцілі на ваду год таму, адправілася ў 20-дзённы круіз з Кейптаўна 13 лістапада. Кульмінацыяй круізу павінна было стаць двухдзённае наведванне Антарктыды, піша The Times.

Аднак па шляху ў лайнера паўсталі праблемы з адным з электрарухавікоў. Каманда вырашыла адмовіцца ад ўчастку круізу ў Антарктыдзе і накіравала судна ў канчатковую кропку — порт Ушуая ў Аргенціне. Судна ідзе туды з мінімальнай хуткасцю.

На борце знаходзяцца 170 пасажыраў, многія заплацілі за квіткі 9-12 тысяч еўра. Кампанія прапанавала вярнуць 50% сумы альбо зніжку ў 65% на наступны круіз, а таксама бясплатныя экскурсіі па Ушуая, аднак гэта задаволіла не ўсіх.

Пасажыры з Расіі і Кітая абвясцілі галадоўку і запатрабавалі вярнуць ім поўны кошт круізу. 

«Для большасці з нас гэта першы візіт у Антарктыду, а для многіх — патэнцыйна апошняя магчымасць. Некаторыя госці — пажылыя людзі, інваліды. Для многіх з нас наведванне Антарктыды — гэта адзін з пунктаў у спісе жаданняў на ўсё жыццё»,— кажуць пасажыры. 

Адна з расіянак, якая абвясціла галадоўку, распавяла, што збірала на круіз восем гадоў і аддала за яго ўсе зберажэнні. 

Пры гэтым у кампаніі галадоўку называюць контрпрадуктыўнай. Прадстаўнікі Swan Hellenic паведамляюць, што і так прапанавалі пасажырам большую кампенсацыю, чым належыць паводле закона. Па іх словах, многія ўжо прынялі прапанову кампаніі і забраніравалі наступны круіз са зніжкай.

Nashaniva.com