Выкрытыя ў Брытаніі шпіёны збіраліся вывезці ў Расію журналіста Хрыста Грозева, які дапамагаў Навальнаму
Былы аперацыйны дырэктар Wirecard Ян Марсалек, якога брытанскае следства лічыць кіраўніком расійскай шпіёнскай сеткі ў краіне, абмяркоўваў са сваім дзелавым партнёрам Арлінам Русевым магчымае выкраданне журналіста-даследчыка Bellingcat Хрыста Грозева і дастаўку яго ў Расію.
29.11.2024 / 14:17
Guardian
Пра гэта стала вядома на судзе, дзе напярэдадні пачаўся разгляд справы аб шпіёнскай сетцы. Варыянт з вывазам у Расію абмяркоўваўся і ў іншай гучнай гісторыі, якая ніяк не звязаная са справай Марсалека — з апублікаванай раней перапіскі Леаніда Неўзліна вынікае, што пераправіць у краіну хацелі аднаго з кіраўнікоў ФБК Леаніда Волкава, піша «Агенцтва».
Паводле звестак следства, Марсалек і Русеў у 2021 годзе ў перапісцы абмяркоўвалі варыянты дзеянняў у дачыненні да Грозева. Сярод іх згадвалася назіранне за ім, выкраданне яго і дастаўка ў Маскву, забойства даследчыка і ўкараненне ў Bellingcat. Акрамя таго, у перапісцы гаворка ішла аб выкраданні ў Грозева ноўтбука і тэлефона з наступным знішчэннем або перадачай у расійскае пасольства.
Шпіёны, паводле даных абвінавачвання, сачылі за Грозевым у Аўстрыі, Чарнагорыі і Іспаніі.
Улетку 2022 года на журналісцкай канферэнцыі ў Чарнагорыі пакой Грозева ў гатэлі быў ускрыты ў яго адсутнасць, распавядалі «Агенцтву» чацвёра знаёмых журналістаў і ўдзельнікаў канферэнцыі ў Чарнагорыі. Па словах аднаго з іх, узломшчыкі маглі атрымаць доступ да інфармацыі ў асабістых гаджэтах журналіста. Сам Грозеў пацвердзіў, што з яго нумара знік тэлефон.
Па справе праходзіць група грамадзян Балгарыі, якіх следства лічыць удзельнікамі шпіёнскай сеткі. Акрамя Русева, у групу ўваходзілі: Бізер Джамбазаў, Катрын Іванава, Ваня Габерава, Ціхамір Іванчаў. Русеў і Джамбазаў прызналіся, што займаліся шпіянажам.
Яшчэ адной мэтай шпіянажу быў шэф-рэдактар The Insider Раман Дабрахотаў. У аперацыі супраць яго меркавана ўдзельнічала Іванова.
Агулам, па даных абвінавачвання, яны праводзілі шэсць ключавых аперацый.
Акрамя сачэння за журналістамі, яны займаліся збор інфармацыі аб важных для Масквы аб'ектах, уключаючы амерыканскую вайсковую базу «Патч-Казармы» ў Штутгарце. Іншымі мэтамі шпіёнскай сеткі былі былы супрацоўнік СК Расіі Кірыл Качур, якога ў Расіі прызналі «замежным агентам», і казахскі палітык Бергей Рыскаліеў, які ўцёк з Казахстана і які атрымаў у Вялікабрытаніі палітычны прытулак. Акрамя таго, абвінавачаныя планавалі правесці дэманстрацыю ля амбасады Казахстана ў Лондане, каб потым перадаць звесткі пра яе «арганізатара» Казахстану і палепшыць стасункі краіны з Расіяй.
Марсалек, якога абвінавачванне ўважае за кіраўніка шпіёнскай сеткі, займаў пасаду аперацыйнага дырэктара фінансавага стартапа Wirecard, які збанкрутаваў у 2020 годзе, калі аўдытары выявілі, што з ягоных рахункаў зніклі амаль 2 млрд еўра.
Улады Германіі і Аўстрыі лічаць Марсалека ключавой фігурай у крадзяжы грошай, ён знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Пасля крушэння Wirecard Марсалек паляцеў у Беларусь, адкуль дабраўся да Расіі. Паводле звестак журналістаў, ён атрымаў расійскі пашпарт на імя Германа Бажэнава. Пра магчымыя сувязі Марсалека з расійскімі спецслужбамі ў 2020 годзе пісалі ў сумесным расследаванні выдання The Insider, Bellingcat і Der Spiegel.