Журналісты ацанілі, колькі ўкраінцаў загінула ў вайне з расіянамі

Даныя пра страты Украіны атрымаць складана — саюзнікі неахвотна даюць ацэнкі.

27.11.2024 / 14:49

Украінскі вайсковец сядзіць ля труны свайго загінулага таварыша. Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky

Выданне The Economist са спасылкай на даныя заходняй разведкі, прадстаўнікоў абароннага ведамства, інфармацыю з сайта UAlosses паспрабавала ацаніць колькасць украінскіх страт. 

Паводле выдання, Украіна магла страціць ад 60 да 100 тысяч салдат загінулымі, яшчэ каля 400 тысяч салдат маглі атрымаць цяжкія раненні. 

Гэтыя лічбы не ўключаюць загінулых сярод цывільнага насельніцтва, даных пра якіх мала. Лічыцца, што загінула некалькі дзясяткаў тысяч цывільных асоб, — дадае The Economist.

Выданне таксама спасылаецца на даныя UAlosses, паводле якіх з 2022 года загінула найменш 60435 украінскіх салдат. UAlosses каталагізуе імёны і ўзрост загінулых, што дазваляе разлічыць страты па ўзроставых групах і ў працэнтных суадносінах да мужчынскага насельніцтва.

«Гэтыя лічбы сведчаць, што загінула больш за 0,5% даваеннага насельніцтва Украіны — мужчын прызыўнога ўзросту (18-49 гадоў). Даныя UAlosses не з'яўляюцца вычарпальнымі, і ўзрост не ўсіх салдат вядомы. Рэальная доля мужчын, якія загінулі на вайне, вышэйшая. Яшчэ большая доля тых, хто атрымаў занадта цяжкія раненні, каб працягваць ваяваць. Калі выказаць здагадку, што на кожнага загінулага ў баі прыпадае 6—8 цяжкапараненых, то амаль кожны 20-ты мужчына прызыўнога ўзросту загінуў або атрымаў занадта цяжкія раненні, каб працягваць ваяваць», — піша The Economist. 

У лютым 2024 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што за час поўнамаштабнага ўварвання Расіі загінулі 31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў.

Што тычыцца расійскіх страт, то, паводле даных выдання, Расія за гэты час страціла каля 200 тысяч вайскоўцаў забітымі. У абедзвюх краінах колькасць загінулых у баях у працэнтных суадносінах да агульнай колькасці насельніцтва вышэйшая, чым у ЗША падчас В'етнамскай і Карэйскай войн разам узятых.

У лістападзе Wall Street Journal са спасылкай на ананімных супрацоўнікаў заходняй разведкі паведаміў, што да цяперашняга часу загінула каля 200 000 расійскіх салдат. Паводле ацэнак часопіса The Economist, па стане на 21 чэрвеня загінула 106 000—140 000 расійскіх вайскоўцаў.

Генштаб УСУ па стане на раніцу 27 лістапада ацэньвае расійскія страты ў 735 тысяч забітымі і параненымі.

Nashaniva.com