Перад выбарамі ў Гомелі затрымалі як мінімум 10 чалавек, двух — па крымінальнай справе
Хваля палітычных арыштаў, якая пракацілася па Гомелі ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада, не скончылася звычайнымі «суткамі» і штрафамі за «падпіскі».
27.11.2024 / 14:11
Як вядома «Флагштоку», большасць затрыманых дагэтуль утрымліваюць у заключэнні, прычым некаторых перавялі ў СІЗА і абвінавачваюць па крымінальных артыкулах.
«Флагшток» не называе прозвішчы рэпрэсаваных і абвінавачанні, якія ім выстаўляюць, але канстатуе, што было затрымана больш за дзесяць чалавек, сярод якіх ёсць былыя палітзняволеныя.
Большасць затрыманых — гэта людзі, якія не праяўлялі ніякай актыўнасці ў апошнія гады, але вядомыя як удзельнікі дэмакратычнага руху яшчэ да пратэстаў 2020 года.
Пакуль вядома як мінімум пра дзве крымінальныя справы і пра тое, што некаторым з затрыманых ужо тройчы запар прысуджалі адміністрацыйны арышт за нібыта наяўнасць падпісак у сацыяльных сетках на старонкі, абвешчана экстрэмісцкімі.
Напрыклад, так было з Марыяй Тульжанковай, якую ў чарговы раз асудзілі 25 лістапада — яе справа з'явілася ў раскладзе суда Цэнтральнага раёна Гомеля. Рашэнне выносіў суддзя Аляксандр Піскуноў. Амаль ва ўсіх астатніх выпадках у расклад не ўносілі працэсы па «палітычных» затрыманых і судзілі іх без агалоскі.
Верагодна, такі ціск праводзіцца з-за пачатку кампаніі па пераабранні Аляксандра Лукашэнкі — рэжым баіцца любой актыўнасці, таму сілавікі страхуюцца, закрываючы ў ізалятарах тых, у кім бачаць хаця б мінімальную пагрозу.
Яшчэ адным ціскам у перыяд выбарчай кампаніі сталі масавыя выклікі ў пракуратуру жыхароў Гомельскай вобласці, хто якім-небудзь чынам «засвяціўся» як палітычна актыўны.