Літоўская кампанія Vičiunai прадала свой бізнэс у Беларусі
Гаворка ідзе пра кампанію «Экафорт». Яна больш не лічыцца сярод актываў Vičiunai Group на яе афіцыйным сайце, паведамляе выданне «Беларусы і рынак».
27.11.2024 / 13:44
Фота: m.nedelia.lt
Новым уладальнікам кампаніі сталі расіяне — УК «Група акіян». Яны ж выкупілі ўсе актывы Vičiunai ў Расіі і іншых краінах СНД.
У перыметр угоды ўвайшлі расійскія кампаніі «Вічунай-Русь», «Балтка», «Вічырустранс», «Форт Транс Лагістыка», «Рэфтэрмінал», «Фрост лагістыкс», ЛК «Цэнтрус», а таксама актывы ў Беларусі («Экафорт»), Казахстане, Грузіі, Кыргызстане, Арменіі, Азербайджане, Малдове і Узбекістане.
«Група акіян» была створана ў чэрвені 2023 года, яе ўладальнікі не раскрываюцца. Паводле дадзеных расійскіх СМІ, кампанія можа дзейнічаць у інтарэсах буйнога імпарцёра і дыстрыбутара рыбы і морапрадуктаў «Юніфрост» з галоўным офісам у Санкт-Пецярбургу.