У доме на праспекце Незалежнасці знайшлі таемны пакой

Тэлеграм-канал «Мінск і мінчанін» звярнуў увагу на пакінутае акно, што знаходзіцца над аркамі дома па праспекце Незалежнасці, 23 — у самым цэнтры сталіцы. Сакрэт загадкавага акна раскрыла газета «Вячэрні Мінск».

26.11.2024 / 12:10

Блогер Дзяніс Блішч падчас прагулак па Мінску выявіў побач з праспектам Незалежнасці незвычайнае акно, што хавае нейкае памяшканне. Пакой за акном здаецца пакінутым, пры гэтым акно заўсёды было адчынена. Каб высветліць прызначэнне пакоя ці кватэры, краязнаўца вывучаў пад'езд, але на белых дзвярах не было ніякіх апазнавальных знакаў.

Адказ на таямніцу дала газета «Вячэрні Мінск» у нумары за 21−27 лістапада. Так, жыхарка таго самага 10-га пад'езда распавяла, што памяшканне выкарыстоўвалася дворнікамі для гаспадарчых патрэб:

− Яно вельмі маленькае, у глыбіню, можа, метраў 4, а плошча ўсяго 8−9 квадратных метраў. Памятаю, у ім трымалі рыштунак, яшчэ з левага боку быў умывальнік, прыбіральшчыкі набіралі ваду. Брудную, дарэчы, насілі выліваць на вуліцу. Пасля распаду СССР пакой арандавалі пад офісы. Цяпер ён пустуе. Лепей бы нам, жыхарам, у карыстанне аддалі, можна было б захоўваць веласіпеды, каляскі.

Цяпер памяшканне знаходзіцца ў падпарадкаванні ЖЭУ №3 Цэнтральнага раёна.

Nashaniva.com