Украінцы выбілі расіян ад Купянска

Сілы абароны Украіны выбілі расіян з горада Купянска, што на Харкаўшчыне. Пра гэта ў ноч на 26 лістапада паведамілі аналітыкі праекта DeepState. Таксама гэта пацвердзілі z-блогеры. 

26.11.2024 / 10:51

Украінскі вайсковец страляе з гарматы. Харкаўская вобласць, 6 лістапада 2024 г.Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky

У ноч на 14 лістапада DeepState паведаміў аб паспяховых прасоўваннях акупацыйных войскаў Расіі на ўсходзе Украіны: у прыватнасці, расейцам удалося ўвайсці ў Купянск.

Яшчэ ўчора расійскія каналы былі поўныя аптымізму.

«Нашы часткі, пераправіўшыся праз Аскол, здолелі заняць плацдарм на заходнім беразе ракі. Прычым, што характэрна, мы без бою занялі акопы ворага, якія аказаліся… пустымі. І атрымалі пры гэтым адразу і плацдарм, і добра абсталяваныя пры гэтым пазіцыі. Вельмі ўжо нярэдкая для фронту з'ява. Што акопы аказваюцца пустымі праз недахоп пяхоты. Тое ж самае зараз масава назіраецца ў раёне Вялікай Навасёлкі», — пісаў напярэдадні канал Юрыя Падалякі. 

Аднак сёння ўжо ён паведаміў, што Купянск расіяне пакінулі.

«На жаль, змушаны канстатаваць, што наша камандаванне групоўкі «Захад» не здолела скарыстацца магчымасцю, якая адкрылася з прычыны блытаніны пры ратацыі сіл саперніка ў Купянску. Усё ж акрамя шанцавання павінна быць яшчэ і ўменне. А гэтага якраз і не было.

А таму канстатуем, што сапернік здолеў нас выбіць з паўночна-ўсходніх ускраін горада, і нават плацдарм, які мы стварылі, а ўчора і пашырылі, на іншым беразе ракі Аскол не можа быць нам пры гэтым суцяшэннем», — напісаў z-блогер.

Канал «Беларускі сілавік» дадае, што інфармацыю пра здачу Купянска яму пацвердзілі яшчэ тры не звязаныя паміж сабой крыніцы, якія там ваююць.

«Праціўнік у ходзе баёў выбіў адтуль нашы нешматлікія сілы. Вечная памяць загінулым там у баях воінам», — піша канал.

Nashaniva.com