«Смурод невыносны». У доме ў цэнтры Барысава прарвала каналізацыю — два гады таму там быў капітальны рамонт

Падвал дома не ўпершыню затапіла, па будынку распаўсюдзіўся жудасны пах. Камунальнікі лічаць, што справа не ў трубах.

25.11.2024 / 18:56

Тут і далей фота: «Мінская праўда»

Аварыя здарылася ў доме №27 па праспекце Рэвалюцыі ў Барысаве. Падвал дома не ўпершыню затапіла каналізацыйнымі сцёкамі.

Па сведчаннях відавочцаў, смурод стаіць невыносны. Дзверы ў пад'езды жыхары не закрываюць, каб пах хоць неяк сыходзіў. Але гэта не дапамагае, піша «Мінская праўда».

«На першым паверсе знаходзіцца наогул немагчыма. Нават не ўяўляю, як там жывуць людзі. Мне пашанцавала, я жыву на трэцім паверсе. Але на калідоры нават у нас стаіць смурод. Бо ўсе пахі ідуць наверх», — расказала адна з жыхарак дома.

Яе суседка засведчыла, што адбываецца ў затопленым падвале, дзе жыхары захоўваюць асабістыя рэчы, гародніну і закаткі.

«Далёка зайсці не атрымаецца. Усё затоплена. Хоць сёння трохі адпампавалі. Вось паклалі дошкі, каб можна было хоць неяк спусціцца. фантан біў на выходных, і сёння раніцай вось адсюль: паміж стыкамі падлогі і прыступак.

Праз сценку нашы памяшканні, дзе захоўваем закаткі, гародніну. Зайсці туды цяпер, як вы разумееце, без гумовых ботаў не атрымаецца. Там таксама заліта. Мабыць, ухіл туды. Скажу, што я ўжо мяшок бульбы выкінула. Смурод стаіць і ў краме, якая знаходзіцца ў гэтым доме з боку праспекта», — расказала жыхарка дома.

У суботу жыхары звярнуліся да камунальнікаў. Прыехала аварыйная служба, прачысціла каналізацыю, вада стала сыходзіць. Па словах жыхароў, спецыяліст УП «Жыллё» знайшоў дзірку ў трубах і сказаў, што іх трэба мяняць. Раніцай панядзелка падвалы зноў затаплівала.

Цікава, што два гады таму ў гэтым доме праводзіўся капітальны рамонт з заменай камунікацый, у тым ліку труб. Па словах жыхароў, да рамонту такіх надзвычайных здарэнняў у доме не адбывалася.

У каментары для выдання намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце УП «Жыллё» Максім Кацапаў заявіў, што дзіркі ў трубе няма, а пытанне ўжо развязанае.

«Там была забітая каналізацыя. Спецыялізаваная машына прабіла засмечванне. Цяпер думаем над тым, як адкатаць сцёкі ў падвале. Дом пасля капітальнага рамонту, усе трубы новыя. Дзесьці ў трубах ўжо на двары адбываецца засмечванне і сцёкі выцякаюць праз рэвізійны люк, які вырывае пад ціскам. Вада ідзе ў падвал», — сказаў ідэолаг.

Жыхары, аднак, з ім не згодныя: яны ўпэўненыя, што патрэбная замена трубаў.

У Полацкім раёне мужчына патануў у каналізацыйным калодзежы — гэта другі выпадак у краіне за апошнія дні

У Мінску ў каналізацыю змылі стамеску. Прыйшлося разбіваць плітку ў санвузле на першым паверсе

Пасля кожнай залевы мінскую дажджавую каналізацыю дадаткова прачышчаюць — Мінгарвыканкам

Nashaniva.com