Жыхароў Гомельшчыны выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязальніцтвы аб «належных паводзінах» падчас выбараў
Адзін з відаў ціску ў перыяд выбарчай кампаніі — масавыя выклікі ў пракуратуру жыхароў Гомельскай вобласці, якія так ці інакш былі звязаныя з палітычнай актыўнасцю.
25.11.2024 / 12:57
Пратэсты ў Гомелі ў жніўні 2020 года. Фота: Радыё Свабода
Гэта тыя, каго судзілі па крымінальных або адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года, за падпіскі на рэсурсы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі», піша Флагшток.
Акрамя таго, вядомыя выпадкі, калі такія выклікі ў пракуратуру атрымлівалі людзі, якія маюць шмат штрафаў па лініі ДАІ.
Як даведаўся «Флагшток», людзей прымушаюць падпісваць папярэджанні аб непрымальнасці парушэнняў Крымінальнага кодэкса і Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, абавязальніцтвы не парушаць грамадскі парадак. Паводле слоў крыніцы, такіх выклікаў у пракуратуру можа быць па некалькі дзясяткаў штодня.
Выклікі адбываюцца праз позву або па тэлефоне. Аднак актывісты адзначаюць, што не варта перажываць — гэта толькі фармальная працэдура, якую сілавікі разглядаюць як «прафілактычную акцыю».
Аналагічную працэдуру прымушалі прайсці актывістаў і перад выбарамі 2020 года.