Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску
Раней у сталіцы выстройваліся чэргі па гэта марозіва.
24.11.2024 / 17:12
Аўтамат з кобрынскім марозівам. Скрыны відэа блогера @koko_by
Модны аўтамат з кобрынскім вяршковым марозівам паставілі ў гандлёвым цэнтры «Тытан» (трэці паверх) у Мінску.
Як працуе? На экране выбіраеш марозіва і топінг з пасыпкамі да яго — шакалад, карамель, клубніцы, печыва, каляровая саломка, арэхі. І аўтамат выдае табе жаданую порцыю ў кубачку. Да дна кубачка прымацавана лыжка.
Цана ў залежнасці ад пасыпак — каля 5 рублёў.
«Смачна, але выбар пасыпкі так сабе», — прадэгуставаў блогер Какабай.
Падобны аўтамат ёсць і ў Нацыянальным аэрапорце ў зоне вылету.
Кобрынскае марозіва стала асабліва папулярным у апошнія гады. Робяць сумесь у Кобрыне на заводзе, які таксама вырабляе вядомыя на ўсю краіну сыры. Астраўкі з гэтым прысмакам адкрыліся ў некалькіх гандлёвых цэнтрах краіны. Часам туды выстройваліся вялікія чэргі.
Аўтамат з кобрынскім марозівам. Скрын відэа блогера @koko_by
Знаўцы ў каментарах пішуць пра нюансы з кобрынскім марозівам.
«Кобрынскае бывае на аснове цэльнага малака і сухога малака. Розніца ў смаку, кажуць, вялікая».
«Гэта марозіва смачнае, калі добра падмарожанае (густое), але калі трохі падталае — наогул не той смак. У двух ГЦ спрабавала, у адным ну вееельмі смачна. У другім падталае налілі — «наогул не той смак».