Назваць дачку Арэшніцай у гонар балістычнай ракеты хочуць бацькі з Татарстана
Гэта будзе пятнаццатае дзіця ў шматдзетнага бацькі. Папярэднія яго 14 дзяцей — ад розных жанчын. Арэшніца — не самае дзіўнае імя ў нашчадкаў мужчыны.
24.11.2024 / 11:52
Сухавы з дачкой Расія-Святосія-Святаросія. Фота: КГМЦ «Чалны»
У галавы сям'і Сухавых з Набярэжных Чалноў 14 дзяцей.
Цяпер, як заявіў шматдзетны бацька Уладзімір, яны чакаюць 15-е дзіця. Дактары сказалі, што будзе дзяўчынка.
Па словах бацькоў, яны хочуць назваць дзяўчынку Арэшніцай. 21 лістапада прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія атакавала Украіну ракетай сярэдняй далёкасці «Арэшнік», гэта, паводле яго слоў, унікальная і найноўшая ракета.
Дакладнае рашэнне наконт Арэшніцы бацькі абяцаюць прыняць у бліжэйшыя пару дзён.
Папярэднюю дачку, якая нарадзілася ў лістападзе 2023 года, Сухавы назвалі Расія-Святосія-Святаросія.
«Чаму Расія? Таму, што я нарэшце адчуў, што я жыву ў выдатнай краіне. Мы ведалі, што да Уладзіміра Уладзіміравіча была іншая краіна. Цяпер прыйшоў выдатны чалавек і пачаў дапамагаць нам, дапамагаць людзям. Мы цяпер з гонарам назвалі нашу дачку Расія. Расія Уладзіміраўна, па супадзенні з Уладзімірам Уладзіміравічам.
Гэта не палітычны момант, гэта нейкае супадзенне. Расія — гэта асноўнае імя, Святосія — свяшчэнная святая сіла Расіі, святое ззянне Расіі. А Святаросія — гэта дадатак, так атрымалася. Калі яна вырасце, для сябе ўжо вызначыць тое імя, якое ёй неабходна і якое яе будзе весці па жыцці. Гэта прыгожа. Ні ў якім разе няма нічога сектанцкага, рэлігійнага, канфесійнага», — сказаў ён.
Сухаў адзначыў, што Расія нарадзілася праз паўгода пасля нараджэння хлопчыка па імені Прырода.
Шматдзетны бацька заявіў, што сваякі і супрацоўнікі ЗАГСа здзівіліся, але ўзрадаваліся рэдкаму імя дзіцяці.
«(Сваякі), ведаючы мяне, своеасаблівага чалавека, яны заўсёды радуюцца і кажуць, што ў іх усмешка на твары, што ў Расіі з'явілася Расія, з'явілася новае імя. Наогул выдатна паставіліся [у ЗАГСе], трошкі нават з захапленнем, са здзіўленнем і з радасцю, нечакана», — расказваў бацька ў СМІ.
Маці ў 14 дзяцей Уладзіміра розныя, але, па словах шматдзетнага бацькі, жывуць дзеці дружна.
«Мамы ў іх розныя, так атрымалася ў жыцці. Усе яны шчаслівыя. Усім я дапамагаю, і мы жывём дружна. Самаму старэйшаму 34 гады, 35 будзе. Мае дзеці Ангеліна, Яраслаў, Дабрыня, Анастасія, Святаслаў, Славяніда, Уладзімір, Пётр, Аляксей, Аляксандра, Дар'я. На жаль, імя аднаго дзіцяці я так і не даведаўся. Яго мама жыве ў Казахстане, і ён у Казахстане жыве, цудоўнае дзіця. Нарадзіўся Прырода Уладзіміравіч, ён жа Родушка, ён жа Род. І Расія Уладзіміраўна», — распавёў ён.