Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Калі сілавікі ўжо ўчапіліся мёртвай хваткай у Дзмітрыя Крываноса на маршы студэнтаў 1 верасня 2020 года, ён вырашыў не драматызаваць і пачаў пазіраваць фатографам. Так нарадзіўся адзін з культавых здымкаў таго часу. Даведаліся, чым жыве Дзмітрый сёння.

24.11.2024 / 07:00

На гэтым фота Дзмітрый тады яшчэ студэнт БНТУ, будучы энергетык. Што цікава, пасля школы ён спрабаваў праходзіць медкамісію для паступлення ў шэрагі міліцыянераў, але яго не ўзялі па здароўі

«Я цябе запомніў, і мы яшчэ сустрэнемся»

Дзмітрый быў студэнтам БНТУ, ад дыплома энергетыка яго аддзяляў адзін год навучання, як жыццё крута развярнулася.

«Шчыра, я не цікавіўся палітыкай да 2020 года, пакуль не пачаўся кавід. Тады я сам заразіўся, нас перакінулі ў асобны інтэрнат (гэта, дарэчы, адбылося досыць позна, калі ўжо людзі масава пачалі хварэць).

Пандэмія паказала, як наша дзяржава адказвае на падобныя выклікі. Нуль рэакцыі ад Лукашэнкі і адміністрацыі, толькі што гэта міф і байка, што само пройдзе. У той час як валанцёры сваімі сіламі закуплялі маскі для шпіталяў. Гэта выклікала абурэнне: як такое магчыма?»

Падчас хваробы ў Дзмітрыя з’явілася больш вольнага часу, які ён выдаткаваў на прагляды відэа палітычнай тэматыкі, папаўняючы інфармацыйныя прабелы. Да выбараў ён падышоў падрыхтаваным, і падзеі 9-11 жніўня толькі ўмацавалі яго перакананне, што дзейную ўладу варта мяняць: ён удзельнічаў у пратэстах і далучыўся да студэнцкага руху, які, сярод іншага, ярка паказаў сябе на вуліцах 1 верасня, у Дзень ведаў, калі і было зроблена гэтае фота.

Дзмітрый згадвае, што ў той дзень крыху спазніўся на студэнцкі марш, бо зранку паехаў на ТЭЦ, каб забраць пацвярджэнне пройдзенай летам практыкі.

«Я далучыўся да калоны, калі яна ўжо мінула БНТУ, дастаў сцяг. Неўзабаве да мяне падышоў мужчына, які на фота ў касцюме. Ён сказаў: «Я цябе запомніў, і мы яшчэ сустрэнемся. Я толькі адмахнуўся: маўляў, не перашкаджайце нам адстойваць свае правы. Пры гэтым міліцыянер працягнуў мяне пільнаваць. І мы з ім сапраўды сустрэліся пазней у Савецкім РУУС: у падвале, у якім нас паставілі ўздоўж сцяны ў чаканні далейшага лёсу».

Дзмітрый кажа, што па сённяшніх мерках яму моцна пашанцавала: пры затрыманні яго толькі пацягалі за вуха. А перад праверкай у аддзяленні ён паспеў выдаліць свой тэлеграм, таму ўсё абышлося 10 суткамі за пікетаванне і штрафам па другім пратаколе — за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

«На адлічэнні ўсім хлопцам уручалі позвы ў армію»

«Тады яшчэ не было практыкі і разумення, што нават за фота па выніку будуць даваць куды больш сур’ёзныя пакаранні. У жодзінскім ізалятары запомню шмоны штораніцу: нас выводзілі на калідор, і, калі ты нешта казаў не так ці пасміхаўся, маглі дубінкай пару разоў па нагах прайсціся. Выйшаўшы пасля сутак, я яшчэ з месяц правучыўся ва ўніверсітэце. За гэты час да ўсіх, каго неяк затрымлівалі, прыязджаў участковы, праводзіў прафілактычныя гутаркі. Выкладчык Леанід Тарасевіч усё спрабаваў мяне запужаць, маўляў, я панясу яшчэ адказнасць за свае дзеянні, на зборах выкладчыкаў ён акцэнтаваў, што за мной трэба пільна сачыць.

І потым мяне адлічылі разам з 50 іншымі студэнтамі — загадам рэктара, у адзін дзень. У тым жа пакоі, дзе нам аддавалі выпіскі, сядзеў прадстаўнік вайсковага камісарыята і адразу ўручаў позвы тым, хто быў прыгодны».

Дзмітрыя гэта не тычылася. Гэта, можна сказаць, сыграла на карысць у яго біяграфіі ўжо другі раз.

«Калі я толькі скончыў школу, не ведаў, куды паступаць. А маці настойвала, каб я пайшоў у міліцыю. І я нават прайшоў медкамісію ў Пінску, але ўжо ў Брэсце мяне далей па стане здароўя не прапусцілі: у мяне анамалія прыкусу, з якой я быў непрыдатны да службы і ў войску», — так Дзмітрый не прайшоў кастынг у міліцыянеры і апынуўся сярод будучых энергетыкаў.

Што, дарэчы, таксама адбылося па мамінай падказцы: «Энергетык гучыць салідна! Будзеш чалавекам!»

Пра ад'езд з Беларусі не ведала нават маці

Неўзабаве пасля адлічэння з БНТУ Дзмітрыю пазванілі — выклікалі на размову ў ГУБАЗіК. 

«Я названы па тэлефоне адрас, здаецца, запомніў на ўсё жыццё: Розы Люксембург, 101, упраўленне ГУБАЗіКа. Мне пазванілі каля 15-й гадзіны, і ўжо праз чатыры гадзіны я сядзеў у аўтобусе на Кіеў».

Пра ад’езд Дзмітрыя не ведала нават маці — усяго пара знаёмых.

«У нас з маці была досыць цяжкая размова яшчэ пасля таго, як мяне затрымалі. Але я тады ёй патлумачыў, што не змянюся, не адступлю».

Ва Украіне хлопец аформіў гуманітарную візу ў Польшчу і прыехаў вучыцца туды па праграме Каліноўскага.

«Памятаю, што падаўся на праграму ў апошнія дні, яшчэ будучы ў Беларусі. Не хацелася гэтага рабіць: лічыў, што вось-вось усё скончыцца, не трэба будзе з’язджаць. Па выніку пяць месяцаў вучыў польскую мову, здаў на B2. Мне даслалі каля васьмі старонак са спісам розных універаў і палітэхнікаў, якія былі гатовыя мяне прыняць на бясплатнае навучанне. Я абраў горад Аполе рандомам: чыста спадабалася назва.

Але да выбару спецыяльнасці падышоў больш адказна. У мяне была магчымасць пайсці далей па інжынерным шляху, але я вырашыў разабрацца ў тым, як так здарылася, што ў 2020 годзе мы апынуліся ў такой сітуацыі, таму абраў паліталогію. Мне вельмі спадабалася на першай ступені, і цяпер я ў магістратуры — там таксама ўсё вельмі цікава», — расказвае Дзмітрый.

Від на Аполе. Фота з архіва героя

Калі не атрымаецца з паліталогіяй — пойдзе ў шэф-кухары

Хлопец уваходзіць у шэрагі ўдзельнікаў студэнцкага самакіравання, дапамагае ладзіць ва ўніверсітэце розныя імпрэзы. Паралельна працуе ў піцэрыі і прызнаецца, што гатаванне ежы — гэта адзін з яго ўлюбёных заняткаў.

«Я яшчэ ў Беларусі падпрацоўваў у KFC, потым у пабе. І мне гэта сапраўды падабалася. У Польшчы былі розныя падпрацоўкі, але менавіта ў піцэрыі я ўжо другі год. І калі буду мяняць месца працы, то зноў усё роўна на сферу харчавання».

Дзмітрый не выключае нават, што калі не складзецца з паліталогіяй, пойдзе ў кулінарную школу і будзе пракачваць скілы ў гэтай сферы.

«Глядзіш — і зорку мішленаўскую аднойчы атрымаю», — пасміхаецца ён.

Дзмітрый Крыванос. Фота з архіва героя

Эміграцыя адабрала сяброўства і не дала развітацца з біялагічнай маці

Эміграцыя прынесла хлопцу як новыя веды і ўменні, так і страты. Так, адзін з лепшых сябраў па сваёй ініцыятыве спыніў з ім камунікацыю.

«Мы з ім спачатку перапісваліся, а потым ён папрасіў яму больш не пісаць, напісаў, што мяне не ведае. Такое здараецца. Крыўдна, канечне, мы былі вельмі добрымі сябрамі, ведалі адзін пра аднаго амаль усё. Але ў сённяшніх рэаліях гэта нармальная сітуацыя, я лічу».

У 2021 годзе памерла біялагічная маці Дзмітрыя, на пахаванне якой ён не змог прыехаць (нават пасля ад’езду сілавікі пісалі хлопцу ў вайберы і «УКантакце», але ён адразу іх блакаваў).

«Я з сямі год рос у прыёмнай сям’і. Так атрымалася, што ў роднай маці, акрамя мяне, былі яшчэ два сыны і дзве дачкі. Яна нас выхоўвала адна, працавала ў розных калгасах даяркай, мы часта пераязджалі з адной вёскі ў іншую, і ўмовы нашага жытла былі нізкія. Таксама ў пэўны момант адна з сясцёр пачала прагульваць урокі, сварылася з настаўнікамі — у выніку на нас выклікалі сацыяльныя службы, яны прыехалі проста да школы і забралі нас у Дом дзіцяці. Так паўтаралася некалькі разоў, пакуль маці не пазбавілі бацькоўскіх правоў».

Ва ўсіх сённяшніх рэаліях Дзмітрый стараецца шукаць пазітыў.

«Падабаецца вось падчас працы, што галава выключаецца ад усяго на свеце, і час хутка бяжыць. Нядаўна атрымаў нарэшце карту побыту (дазвол на жыхарства ў Польшчы. — НН), планую паехаць у нейкую краіну ў вандроўку».

Дзмітрый Крыванос. Фота з архіва героя

Пры гэтым ён прызнаецца, што час ад часу адчувае злосць на тое, што яго вымусілі з’ехаць з любімай краіны.

«Пытанне, ці вярнуся я, — пытанне часу, — кажа ён. — Калі, канечне, я знайду, чым займацца, калі мае веды і навыкі там спатрэбяцца, калі будзе патрэба ў маёй асобе пры будаванні краіны. Але я разважаў, што гэтага можа і не быць. Так ці інакш, усім нам жадаю цярплівасці, каб дачакацца моманту, калі мы ўсе вернемся і ўсе сустрэнемся».

Чым цяпер жыве гераіня стылёвага фота з Маршу жанчын 2020-га

«Трэба жыць! Роспач атручвае». Вядомыя беларусы раяць, што нам рабіць

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку

Nashaniva.com