Орбан назваў цынічным ордар на арышт Нетаньяху і дэманстратыўна запрасіў яго ў Венгрыю
Прэм'ер-міністр Венгрыі асудзіў ордар Міжнароднага крымінальнага суда на арышт яго ізраільскага калегі і заявіў, што не будзе яго выконваць.
22.11.2024 / 16:06
Віктар Орбан. Фото: Thanassis Stavrakis / AP
Орбан абвінаваціў суд у Гаазе ва ўмяшанні ў працяглы канфлікт з палітычнымі мэтамі.
Ён заявіў, што рашэнне выдаць ордар на арышт Нетаньяху ў сувязі з яго вядзеннем вайны ў Газе падрывае міжнароднае права і ўзмацняе напружанасць, піша AP.
Орбан назваў ордар на арышт Нетаньяху «абуральна нахабным» і «цынічным». Ён сказаў, што запросіць ізраільскага прэм'ера ў Венгрыю і паабяцаў праігнараваць ордар, калі запрашэнне будзе прынята.
«Мы кінем выклік гэтаму рашэнню, і гэта не будзе мець для яго ніякіх наступстваў», — заявіў Орбан.
Венгрыя ратыфікавала Рымскі статут, які абавязвае яе арыштаваць Нетаньяху, калі ён прыедзе ў краіну.
Нетаньяху вітаў пазіцыю Орбана.
«У процівагу ганебнай слабасці тых, хто падтрымаў абуральнае рашэнне, накіраванае супраць права Дзяржавы Ізраіль на самаабарону, Венгрыя — як і нашы сябры ў Злучаных Штатах — дэманструе маральную яснасць і адстойвае справядлівасць і праўду», — заявіў прэм'ер Ізраіля.
МКС выдаў ордар на арышт Нетаньяху і былога міністра абароны Ізраіля Ёава Галанта па абвінавачванні ў ваенных злачынствах у Газе.
Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Біньяміна Нетаньяху
У Ізраілі звольнілі міністра абароны, які лічыўся памяркоўным
Прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан заклікаў перагледзець санкцыі супраць Расіі
Орбан заявіў пра паразу Украіны ў вайне з Расіяй