Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

А падчас пасяджэння студэнтам прачыталі лекцыю пра «экстрэмізм».

22.11.2024 / 14:32

Фота: БелТА

У Гродне мясцовага жыхара паказальна судзілі за каментары і ўдзел у пратэстах. Судзячы па раскладзе судоў, мужчыну завуць Дзмітрый Голуб. Яго затрымалі ў сакавіку, піша «Медыязона».

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ў 2019-2024 гадах ён пакідаў каментары ў інтэрнэце, у якіх нібыта абражаў Лукашэнку, сілавікоў і прапагандыстаў. Акрамя таго, мужчыну інкрымінуюць удзел у мірных акцыях 2020 года.

Па артыкулах аб «распальванні варожасці», «абразе Лукашэнкі» і «удзеле ў масавых беспарадках» абласны суд прысудзіў гродзенцу 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

Звяртае на сябе ўвагу, што суд праходзіў паказальна: на паседжанне прывезлі студэнтаў ГрДУ. У перапынку перад абвяшчэннем прысуду для іх прачыталі лекцыю аб «экстрэмізме».

Nashaniva.com