Сёння Лукашэнка едзе ў МДЛУ

Лукашэнка сёння ўпершыню наведае адзін з самых пратэсных універсітэтаў 2020 года. Нягледзячы на ўпэўненасць палітыка ў сваёй нібыта народнай падтрымцы, універсітэт пад сустрэчу быў спецыяльна расчышчаны ад большасці студэнтаў, а само выступленне будзе адбывацца пад наглядам вялікай колькасці супрацоўнікаў КДБ.

22.11.2024 / 06:48

Фота: Contributor Getty Images

У гэту раніцу Аляксандр Лукашэнка наведае Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, даведалася «Наша Ніва» са сваіх крыніц. Анонсаў візіту Лукашэнкі нідзе не было.

Лукашэнка пачне выступаць перад студэнтамі і супрацоўнікамі ВНУ ў актавай залі а 10-11-й раніцы ў фармаце «адкрытага мікрафона», паралельна збіраючы подпісы за сваё вылучэнне на чарговыя прэзідэнцкія выбары (ён заявіў, што нібыта ўжо сабраў паўтара мільёна подпісаў).

Пры гэтым, па нашай інфармацыі, большасць студэнтаў універсітэта першай змены ў гэты дзень была пераведзена на дыстанцыйнае навучанне, а сам універсітэт яшчэ ўчора быў поўны супрацоўнікаў КДБ і тэлевізіёншчыкаў, якія рыхтавалі апаратуру пад сённяшні выступ.

Студэнты розных факультэтаў у сваіх лакальных групах і чатах таксама абмяркоўвалі падрыхтоўку да мерапрыемства. Іх агітавалі апранацца афіцыйна і браць з сабой пашпарты для пакідання подпісаў за Лукашэнку.

Паводле нашых ранейшых звестак, візіт Лукашэнкі ў МДЛУ павінен быў адбыцца яшчэ 1 лістапада, аднак пасля выхаду адпаведнага артыкула «Нашай Нівы» візіт без тлумачэння прычын перанеслі на іншыя даты.

У канцы мінулага месяца Лінгвістычны ўніверсітэт сталі тэрмінова рыхтаваць пад візіт Лукашэнкі.

«Універсітэт рыхтуюць, мыюць, рамантуюць, мяняюць дзверы, з'явілася шмат жывых кветак на вуліцы», — дзяліліся суразмоўцы.

Дадавалі, што «нават туалеты экстранна прыводзяць да ладу». А грукат ад рамонту замінаў вучэбным заняткам.

Адзначым, што для Лукашэнкі сёння будзе першае наведванне Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Нядаўна «Наша Ніва» атрымала звесткі, што ад пачатку 2022 года да восені 2023-га з МДЛУ па ўласным жаданні адлічыліся больш за 1000 студэнтаў (дзённай і завочнай формы разам з мэтавікамі).

Гэта антырэкорд за сучасную гісторыю ВНУ, адзначылі крыніцы «Нашай Нівы» з сістэмы адукацыі.

Па іх словах, сярод добраахвотна адлічаных больш за ўсё студэнтаў дзённай формы навучання (каля 900 чалавек). Таксама забралі дакументы больш за 100 чалавек з завочнай формы навучання і дзясятак тых, хто вучыцца па мэтавым накіраванні.

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Фота: «Яндэкс Карты»

Нагадаем, што ў 2020 годзе падчас пратэстаў супраць гвалту сілавікоў і сфальсіфікаваных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у многіх беларускіх ВНУ адбываліся масавыя мірныя студэнцкія дэманстрацыі і страйкі. У іх таксама прымалі ўдзел выкладчыкі і іншыя супрацоўнікі ўніверсітэтаў.

На ўсё гэта рэжым Лукашэнкі адказаў штрафамі, запалохваннямі, збіццём, звальненнямі, адлічэннямі і арыштамі ўніверсітэцкіх пратэстоўцаў.

На пачатак 2021 года было вядома пра 131 выпадак рэпрэсіўных адлічэнняў і 23 крымінальныя справы ў дачыненні да студэнтаў розных ВНУ. Дзясяткі выкладчыкаў былі звольненыя.

{DONATE_PAYPAL}

Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі паказаў свой мабільнік

«Студэнтаў-платнікаў у дзяржаўных ВНУ стане больш». Чаму ў Беларусі закрылі адразу два прыватныя ўніверсітэты?

«Пражыць месяц на стыпендыю атрымалася, але гэта было вельмі сумна». Беларускія студэнты расказалі, як яны жывуць і колькі трацяць

Nashaniva.com