Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду
20 лістапада адбыўся рэліз постапакаліптычнага шутара «S.T.A.L.K.E.R. 2: Heart of Chornobyl», які фанаты серыі чакалі 14 гадоў. Стваральнікі прысвяцілі гульню «ўсім, хто абараняў і абараняе Украіну», а ўкраінскія правайдары ў дзень рэлізу зафіксавалі падзенне хуткасці інтэрнэту праз яе масавае спампоўванне.
21.11.2024 / 10:52
Скрыншот гульні
У час вайны выхад «Сталкера» стаў чымсьці большым для ўкраінцаў, чым проста рэлізам гульні. Гульня стала сімвалам культурнай самастойнасці, прадметам нацыянальнага гонару, а яе стваральнікі не пабаяліся адмовіцца ад рускай мовы і адсекчы вялікую расійскую фанбазу. Вайна ідзе не толькі на полі бою.
Усе гульні серыі «S.T.A.L.K.E.R.» былі распрацаваны ўкраінскай студыяй GSC Game World. «Сэрца Чарнобыля» не стала выключэннем. Нягледзячы на назву, гэта чацвёртая гульня ў серыі. Паміж першай гульнёй серыі «S.T.A.L.K.E.R.: Цень Чарнобыля», якая выйшла ў 2007 годзе, і цяперашнім сіквелам было яшчэ дзве часткі. У 2008 годзе выйшаў прыквел «S.T.A.L.K.E.R.: Чыстае неба», а ў 2009 — працяг арыгінальнай гульні «S.T.A.L.K.E.R.: Покліч Прыпяці».
Скрыншот гульні
«S.T.A.L.K.E.R. 2» — гэта спроба пачаць новы этап у гісторыі серыі, таму распрацоўшчыкі падкрэслілі гэта ў назве. «S.T.A.L.K.E.R. 2: Heart of Chornobyl» стала першай гульнёй серыі, якая выйшла на кансолях.
На постсавецкай прасторы серыя стала культавай і займела велізарную армію прыхільнікаў. Па яе сусвеце было напісана мноства кніг, распрацавана модаў і дадаткаў, праводзіліся фестывалі і ролевыя гульні. «S.T.A.L.K.E.R.» зацікавіў гульцоў рэальнымі падзеямі на Чарнобыльскай АЭС і паспрыяў турызму ў чарнобыльскую зону.
Доўгі шлях
Скрыншот гульні
Упершыню «S.T.A.L.K.E.R. 2» была анансаваная яшчэ ў 2010 годзе, але праз год GSC Game World фактычна спыніла працу. Прычынай закрыцця сталі фінансавыя цяжкасці і крызіс кіравання. Некаторыя з былых супрацоўнікаў заснавалі новую студыю 4A Games, якая стварыла яшчэ адну вядомую серыю шутараў — Metro.
Пасля адраджэння ў 2014 годзе GSC Game World засяродзілася на трэціх «Казаках». Распрацоўка «S.T.A.L.K.E.R. 2» патрабавала значных укладанняў, і знайсці выдаўца для такога амбіцыйнага і складанага праекта было няпроста.
Скрыншот гульні
Таксама распрацоўшчыкі імкнуліся рэалізаваць маштабную ідэю з адкрытым светам, нелінейным сюжэтам і рэалістычнай графікай, але іхні ўласны гульнявы рухавік састарэў. Студыя перавяла гульню на сучасны рухавік Unreal Engine 5 ад амерыканскай кампаніі Epic Games.
Яшчэ адной прычынай затрымкі стала поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. Частка распрацоўшчыкаў была вымушаная эвакуіравацца ў Чэхію, а іншыя пайшлі ў войска.
Другі Чарнобыль
Скрыншот гульні
«Сэрца Чарнобыля» — гэта ўсё той жа шутар ад першай асобы з вялікім адкрытым светам у зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС, куды пранікаюць сталкеры ў пошуку незвычайных артэфактаў.
Гэта альтэрнатыўная версія чарнобыльскай зоны адчужэння, дзе, акрамя аварыі 1986 года, адбылася яшчэ адна катастрофа. Па сюжэце ў 2006 годзе адбыўся другі таямнічы выбух на атамнай электрастанцыі, які змяніў аблічча Зоны і выклікаў з'яўленне новых анамалій, артэфактаў і мутантаў.
Многія лакацыі гульняў серыі створаны на аснове фотаздымкаў і відэа з рэальнай чарнобыльскай зоны, а шэраг вобразаў і тэрмінаў, у тым ліку ўласна «сталкер», узяты з аповесці рускіх фантастаў братоў Стругацкіх «Пікнік на збочыне» і заснаванага на гэтай аповесці фільма Андрэя Таркоўскага «Сталкер».
Гуляць давядзецца за цалкам новага персанажа — сталкера па мянушцы Скіф. Як і раней, вам трэба будзе навучыцца выжываць. Для гэтага трэба будзе шукаць боепрыпасы, ежу, артэфакты і весці барацьбу паміж фракцыямі, да якіх дадаліся новыя. Гулец можа далучыцца да адной з іх або застацца незалежным.
GSC Game World пастараліся захаваць нелінейны сюжэт, ход гульні і канцоўка будуць залежаць ад выбару гульца і яго адносін з іншымі персанажамі. Распрацоўшчыкі адзначаюць, што праходжанне аднаго сцэнарыя зойме каля 40 гадзін, а асноўная сюжэтная лінія будзе мець чатыры фіналы.
Упершыню свет гульні стаў цалкам адкрытым, яго тэрыторыя будзе займаць каля 60 км², што стане адным з самых вялікіх адкрытых гульнявых прастор у жанры постапакаліпсісу. Гульцы вернуцца ў лакацыі, знаёмыя па папярэдніх частках, а таксама пазнаёмяцца з новымі.
Скрыншот гульні
Распрацоўшчыкі таксама адзначылі, што яны цалкам перапрацавалі сістэму «сімуляцыі жыцця і асяроддзя» A-Life, зрабіўшы гульнявую прастору больш рэалістычнай і надзяліўшы мутантаў штучным інтэлектам. Мяркуецца, што фракцыі і мутанты будуць міграваць, захопліваць новыя месцы, а ў выпадку паражэння адступаць у іншыя месцы. Гэта павінна дадаць дынамікі ў гульнявы свет. Акрамя таго, на гульнявы працэс будзе ўплываць змена часу сутак і надвор'я.
Скрыншот гульні
Крытыка
Як піша беларускі гульнявы канал «Відзік», за 2 гадзіны да сусветнага рэлізу замежная прэса нарэшце падзялілася ацэнкамі і аглядамі «S.T.A.L.K.E.R. 2: Heart of Chornobyl».
Прыём аказаўся цёплым, але не без пытанняў. Да асноўных плюсаў журналісты аднеслі змрочную атмасферу і дынамічныя перастрэлкі, аднак тэхнічны бок аказаўся пасрэдным. На англамоўным агрэгатары рэцэнзій да гульнях OpenCritic «S.T.A.L.K.E.R. 2» атрымаў 77 балаў на падставе 36 аглядаў.
У гульнявым выданні IGN назвалі S.T.A.L.K.E.R. 2 «смелай гульнёй», якая стварае выдатную атмасферу — праз што геймераў наўрад ці будзе хваляваць нават праблемны штучны інтэлект. Таксама цікавымі хадамі не можа парадаваць і сюжэт, а адкрытаму свету не стае займальных пабочных квэстаў. Напэўна, ён больш пусты, чым запоўнены. Аднак перастрэлкі атрымаліся захапляльнымі, а сам сіквел палепшыў асноўныя аспекты арыгінальнай «S.T.A.L.K.E.R.: Shadow of Chernobyl».
А вось аглядальнік выдання VGC аказаўся расчараваны, асабліва з-за тэхнічнага стану гульні — яго не выратаваў нават патч першага дня. Аўтар пахваліў асяроддзе зоны адчужэння, захапляльныя гісторыі персанажаў, а таксама высакаякаснае асвятленне. Аднак слабы асноўны сюжэт, праблемы са штучным інтэлектам і багі робяць навінку незавершанай.
Скрыншот гульні
Аўтар GameSpot ацаніў такія моцныя бакі «S.T.A.L.K.E.R. 2», як уплыў гульцоў на навакольны свет і дынамічныя квэсты. Перастрэлкі з супернікамі-людзьмі атрымаліся захапляльнымі, але вось бітвы з мутантамі раздражняльныя. Таксама ёсць праблемы ў балансе — рамонт рыштунку і боепрыпасы атрымаліся вельмі дарагімі, з-за чаго даводзіцца расставацца з артэфактамі.
Адзінае выданне, якое дало шутару максімальную ацэнку, стала Hardcore Gamer.
«Хоць многія даўнія франшызы адышлі ад сваіх каранёў у (часта памылковай) спробе прыцягнуць як мага больш гульцоў, S.T.A.L.K.E.R. 2 добра разумее сваю мэтавую аўдыторыю і прапануе менавіта тую гульню, на якую мы разлічвалі», — гаворыцца ў аглядзе. Хаця тут згадваюцца і «дробныя тэхнічныя праблемы».
Подых вайны
«S.T.A.L.K.E.R. 2» — адна з нешматлікіх гульняў, якая будзе мець паўнавартасную ўкраінскую лакалізацыю. У адрозненне ад першай часткі, выйдзе адразу з украінскім і англійскім дубляжом. А вось ад рускага дубляжу адмовіліся, пакінуўшы толькі пераклад субцітраў і інтэрфэйсу гульні. Гэта не адзіная дэрусіфікацыя ў новай гульні серыі, змянілася нават назва.
Калі ў 2007 годзе ніхто з распрацоўшчыкаў асабліва не задумваўся пра транслітарацыю назвы Чарнобыль, то яе рабілі з рускага напісання — «Chernobyl», цяпер жа прынцыповы момант, каб транслітарацыя была з украінскага напісання — «Chornobyl».
Скрыншот гульні
Акрамя таго, гульня не будзе прадавацца на тэрыторыі Расіі, якая вядзе супраць Украіны вайну, і яе саюзніцы Беларусі. Пасля пачатку ўварвання ва Украіну студыя GSC Game World асудзіла дзеянні расійскіх войскаў і заявіла аб спыненні продажаў сваіх прадуктаў у гэтай краіне.
Распрацоўшчыкі заклікалі фанатаў падтрымаць іх краіну ў вайне і самастойна сабралі 800 тысяч долараў. Гэтыя сродкі студыя ахвяравала ўкраінскаму дабрачыннаму фонду «Вярніся жывым», які збірае грошы на падтрымку войска і куплю абсталявання, беспілотнікаў і сродкаў для медыцынскай дапамогі вайскоўцам.
У Расіі ў адказ заблакавалі доступ да сайтаў распрацоўшчыкаў і новай гульні з серыі. У маі 2024 года фонд «Вярніся жывым» унеслі ў пералік «непажаданых арганізацый». Згодна з цяперашнімі расійскімі законамі падтрымка і фінансаванне ўкраінскіх арганізацый можа расцэньвацца як дзяржаўная здрада.
Скрыншот гульні
Менавіта гэтым сёння прыстрашваюць расійскіх фанатаў гульні. Расійскія адвакаты таксама перасцерагаюць фанатаў ад набыцця гульні, звяртаючы ўвагу на тое, што ў цяперашніх расійскіх рэаліях будзе лёгка «даказаць», што гулец быў дастаткова праінфармаваны пра тое, што GSC Game World аказвае фінансавую падтрымку УСУ.
Гэта можа быць актуальна і для гульцоў з Беларусі, дзе рэпрэсіўныя практыкі пашыраюцца кожны дзень, а падтрымка Украіны ў любой форме з'яўляецца негалосным злачынствам.
У Расіі таксама збіраюцца шукаць у гульні экстрэмізм, апраўданне тэрарызму, распальванне міжнацыянальнай варожасці і іншае, што дазволіць Раскамнагляду афіцыйна забараніць да яе доступ.
У самой жа Украіне выхад доўгачаканай гульні выклікаў эйфарыю. Мясцовыя правайдары зафіксавалі зніжэнне хуткасці хатняга інтэрнэту, якое было выклікана тым, што масавае спампоўванне гульні перагрузіла іхнія сеткі.