У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску

16 лістапада на 75-м годзе жыцця памёр Міхаіл Ерамец — выдатны беларускі вучоны, які працаваў у галіне фізікі высокіх ціскаў і звышправоднасці. Ён пайшоў з жыцця пасля працяглай хваробы ў Майнцы, дзе з 2001 года ўзначальваў даследчую групу ў Інстытуце хіміі Макса Планка, паведамляе сайт «Беларусь і свет».

21.11.2024 / 08:35

Фота: mpik.de

Міхаіл Ерамец нарадзіўся 3 студзеня 1949 года ў Пінску. Ён скончыў там сярэднюю школу №3, пасля чаго працягнуў навучанне ў Маскоўскім інжынерна-фізічным інстытуце.

У далейшым яго навуковая кар'ера была звязана з даследаваннямі ў Расіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Японіі і ЗША. З 2001 года ён асеў у Германіі, дзе працягнуў сваю працу ў Інстытуце хіміі Макса Планка.

Ерамец і яго каманда дасягнулі мноства прарыўных вынікаў у галіне фізікі высокіх ціскаў і звышправоднасці, у тым ліку адкрыцця новых фаз і ўласцівасцей такіх элементаў, як вадарод, азот і натрый.

Сярод іх дасягненняў — ператварэнне гідрыду серы ў звышправаднік пры тэмпературы -73 градусы Цэльсія, а гідрыду лантану — пры -23 градусах.

Таксама даследчыцкая група Ерамца ператварыла азот у цвёрды палімер, падобны на алмаз, і паказала, што пад экстрэмальным ціскам натрый становіцца празрыстым, а вадарод ператвараецца ў метал.

Міхаіл Іванавіч быў удастоены многіх узнагарод, у тым ліку медалі імя Уга Фана, прэміі Бернда Матыяса, прэміі Джэймса Макгродзі, а таксама звання ганаровага доктара Лейпцыгскага ўніверсітэта.

У 2015 годзе часопіс Nature ўключыў яго ў спіс дзесяці вучоных, якія зрабілі значны ўклад у развіццё сусветнай навукі.

Nashaniva.com