Вызначылі тэрміны палявання на чырвонакніжных мядзведзя і рысь

Аляксандр Лукашэнка 19 лістапада змяніў правілы палявання. Цяпер афіцыйна дазваляецца паляванне на мядзведзя і рысь. Амаль адразу вызначылі і тэрміны палявання на гэтых рэдкіх жывёл. 

19.11.2024 / 21:33

Паляванне на мядзведзяў будзе пачынацца 1 ліпеня і заканчвацца 31 снежня, на рысь — з 1 кастрычніка па 31 студзеня.

Гэта рашэнне лабіравала Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў і асабіста ягоны кіраўнік, былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Ён ужо некалькі гадоў праводзіць настойлівую кампанію за выключэнне з Чырвонай кнігі і ўключэнне ў лік паляўнічых відаў на тэрыторыі Беларусі бурага мядзведзя і рысі

Таксама Шуневіч выказваўся за тое, каб пачаць паляваць на буслоў, журавоў і лебедзяў.

У Міністэрстве лясной гаспадаркі фактычна падтрымалі дазвол на паляванне на чырвонакніжных жывёл. 

— На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца больш за тысячу мядзведзяў і больш за паўтары тысячы рысяў. На жаль, у некаторых рэгіёнах краіны з імі ўсё часцей узнікаюць канфліктныя сітуацыі, а ў СМІ мільгае інфармацыя аб ДТЗ, якія здарыліся. Жывёлы сталі заходзіць на тэрыторыі населеных пунктаў і нават сустракаліся ў наваколлях горада Мінска. Мы разумеем, што з-за мер, што прымаюцца дзяржавай па ахове, іх колькасць значна ўзрасла. Таму, каб механізм рэгулявання іх колькасці быў больш гнуткім і плаўным, былі прадугледжаны змяненні ў Правілы палявання, — расказаў першы намеснік Міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Драгун.

Указам дазваляецца паляванне на мядзведзя і рысь на падставе планаў кіравання папуляцыямі, якія распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Менавіта акадэмія навук адстойвала чырвонакніжнікаў ад Шуневіча і яго таварыства. Але, як вынікае, не атрымалася.

Nashaniva.com