Ці можна 3 студзеня перанесці і зрабіць непрацоўным? Вось што адказалі ў Мінпрацы

Дзіўны графік выходных на Новы год збянтэжыў беларусаў. 3 студзеня стаў адзіным рабочым днём сярод непрацоўных. 

19.11.2024 / 18:28

1 і 2 студзеня (серада і чацвер) мы будзем адпачываць, затым 3 студзеня, у пятніцу, трэба выйсці на працу, а потым — чатыры выходныя. У Дэпартамент дзяржінспекцыі працы Мінпрацы прыйшло пытанне: ці можа кампанія перанесці 3 студзеня на 18 студзеня ці іншую суботу, каб зладзіць вакацыі з 1 па 7 студзеня?

У міністэрстве адказалі: не, так нельга, наймальнік не мае такога права.

Згодна з ч. 6 арт. 136 Працоўнага кодэкса, урад па ўзгадненні з прэзідэнтам можа пераносіць асобныя працоўныя дні на выходныя дні (суботы), а таксама даваць права арганізацыям з улікам спецыфікі працы рабіць такі перанос на іншыя выходныя, якія прыпадаюць на суботу.

У Мінпрацы нагадалі, што пастановай Саўміна ад 14 лістапада 2024 года №839 працоўныя дні ў 2025 годзе пераносяцца:

У арганізацый з улікам спецыфікі працы ёсць права пераносіць гэтыя працоўныя дні на іншыя выходныя, якія прыпадаюць на суботу. 3 студзеня ў гэтым спісе няма.

Але цалкам магчыма, што 3 студзеня як выходны дзень стане дэманстратыўным перадвыбарчым «падарункам» ад Лукашэнкі. 

Nashaniva.com