Стала вядомай самая частая прычына разводаў у Беларусі. І гэта не здрада
У пераважнай большасці выпадкаў ініцыятарамі разводаў выступаюць жанчыны.
19.11.2024 / 18:00
Фота: Karl Tapales / Getty Iimages
Самай частай прычынай разводаў у Беларусі з'яўляюцца розныя погляды на жыццё. Пра гэта расказала суддзя Вярхоўнага суда Вера Кругава.
У больш чым палове выпадкаў прычынамі, па якіх муж і жонка скасоўвалі шлюб, з'яўляліся:
- непераадольныя адрозненні ў поглядах на далейшае жыццё, адсутнасць агульных інтарэсаў, несумяшчальнасць характараў (54%);
- раздзельнае пражыванне на працягу доўгага часу (каля 20%);
- узаемная страта пачуцця кахання і павагі (больш за 10%);
- наяўнасць шкодных звычак у аднаго з сужэнцаў: алкагалізм, наркаманія, гульняманія, а таксама факты праявы сямейнага гвалту (больш за 10%);
- здрады (7%).
У большасці выпадкаў (72%) ініцыятарам разводу з'яўляліся жанчыны. На судах яны прысутнічаюць у тры разы часцей, чым мужчыны.
Бываюць і выпадкі прымірэння, калі муж і жонка праз некаторы час забіраюць заяву на развод — гэта адбываецца ў 18% выпадкаў.
Паводле слоў Кругавой, штогод скасоўваецца больш за 55% шлюбаў да ліку зарэгістраваных і гэты працэнт расце. У мінулым годзе ў 82% выпадкаў (24 963) разводзіліся пары, якія выхоўвалі непаўналетніх дзяцей.