Лукашэнка перад пачаткам нарады наехаў на Галоўчанку і Косінца, што тыя не так селі

Перад пачаткам нарады Аляксандр Лукашэнка абурыўся рассадкай чыноўнікаў, а менавіта прэм'ера Рамана Галоўчанкі і намесніка старшыні УНС Аляксандра Косінца.

19.11.2024 / 14:38

На скрыншоце Галоўчанка стаіць злева (то-бок праваруч ад Лукашэнкі), а Косінец справа. Скрын відэа «Пул першага»

«У нас наогул прэзідыум, Раман Аляксандравіч [Галоўчанка]. Таму запрошаныя павінны, Аляксандр Мікалаевіч [Косінец], адпаведным чынам [сядзець тут]. Гэта вам для пачатку заўвага», — сказаў Лукашэнка.

Потым відэа абрываецца, але на далейшых відэа Косінец і Галоўчанка застаюцца на сваіх месцах.

На нарадах Галоўчанка звычайна сядзіць праваруч ад Лукашэнкі. Але, мяркуючы па кантэксце, Лукашэнка патрабаваў, каб першыя пазіцыі за сталом занялі кіраўнікі прэзідыума Усебеларускага народнага сходу — намеснік старшыні яго Косінец (ён сядзеў чацвёртым), а таксама 13 членаў.

Але сітуацыя нагадала класічны мем з першым прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным, які ў свой час абураўся: «Не так селі».

Nashaniva.com