«Мы не адны ў космасе». Новая справаздача Пентагона пра НЛА выклікала спрэчкі ў Кангрэсе ЗША

Міністэрства абароны ЗША за тры гады зафіксавала звыш 1600 выпадкаў з'яўлення НЛА па ўсім свеце (асабліва над ядзернымі і вайсковымі аб'ектамі), прырода каля двух сотняў з якіх дагэтуль застаецца нявызначанай. Былыя высокапастаўленыя чыноўнікі Пентагона і НАСА раскрытыкавалі даклад за «недастатковую шчырасць» і заявілі на слуханнях у Кангрэсе, што некаторыя з гэтых з'яваў звязаныя з тэхналогіямі, якія не належаць чалавецтву.

20.11.2024 / 09:56

Лагатып Упраўлення па адсочванні анамалій ЗША (All-Domain Anomaly Resolution Office, AARO) на фоне Пентагона, якому AARO падпарадкоўваецца. Фота: AARO / Wikimedia Commons

Упраўленне па адсочванні анамалій ЗША (All-Domain Anomaly Resolution Office, AARO), якое падпарадкоўваецца Міністэрству абароны ЗША, прадставіла ў амерыканскім Кангрэсе даклад аб фіксацыі і вывучэнні выпадкаў назірання неапазнаных лятаючых аб'ектаў (НЛА) у перыяд з 2021 па кастрычнік 2024 года.

Паводле справаздачы, за тры гады Пентагон зафіксаваў 1652 выпадкі НЛА, 757 з якіх адбыліся з мая 2023 па чэрвень 2024. Пераважная большасць аб'ектаў, як паказвае аналіз, аказаліся дронамі, самалётамі, паветранымі шарамі, птушкамі і спадарожнікамі.

Аднак прырода 170 выпадкаў НЛА за тры гады (122 з іх — з мая 2023 па чэрвень 2024) дагэтуль застаецца нявызначанай. Большасць з выпадкаў была зафіксаваная ў раёнах прысутнасці ўзброеных сіл ЗША па ўсёй планеце (з іх 60 выпадкаў над Усходняй Азіяй і 44 над Бліжнім Усходам) і паблізу амерыканскай ядзернай інфраструктуры, уключаючы сховішчы ядзернай зброі і ракетныя стартавыя пляцоўкі (18 выпадкаў НЛА нявызначанай прыроды), паведамляе AARO.

У справаздачы прыведзены паказанні відавочцаў датычна назірання НЛА нявызначанай прыроды. Сярод іх ёсць такія апісанні, як «зялёны агнявы шар», «медуза з рознакаляровымі агнямі» або «срэбная ракета даўжынёй каля 2 метраў».

У дакладзе таксама адзначаецца, што паводзіны гэтых аб'ектаў не адпавядалі вядомым тыпам паветраных сродкаў, такіх як дроны, паветраныя шары або самалёты. Некаторыя з гэтых выпадкаў характарызаваліся «незвычайнай хуткасцю, здольнасцю імгненна змяняць кірунак альбо рухацца без прыкметнага рухавіка».

Мапа выпадкаў назірання НЛА ў перыяд з 2021 па кастрычнік 2024 года, паводле Міністэрства абароны ЗША. Крыніца: The Department of Defense All-Domain Anomaly Resolution Office (AARO)

Нягледзячы на загадкавыя паводзіны і нявызначаную прыроду шэрагу аб'ектаў, AARO у дакладзе падкрэсліла, што «да гэтага часу няма пацверджання, што зафіксаваныя выпадкі звязаныя з іншапланетнымі тэхналогіямі ці дзейнасцю замежных дзяржаў».

«Мы не можам выключыць ніводнага сцэнару, але на сёння няма нічога, што б пацвердзіла іншапланетнае паходжанне гэтых аб’ектаў. Мы працягваем збор даных сумесна з НАСА і нашымі замежнымі саюзнікамі, каб лепш разумець паходжанне гэтых з’яваў і ацаніць іх патэнцыйны ўплыў на нашу бяспеку», — гаворыцца ў дакуменце.

Разам з тым, на фоне публікацыі даклада AARO у Кангрэсе ЗША ўзнікла спрэчка. Некалькі былых высокапастаўленых чыноўнікаў Пентагона і НАСА заявілі на слуханнях, што амерыканскі ўрад «недастаткова шчыры» ў адносінах да грамадства і «выдатна ведае паходжанне аб'ектаў».

«НЛА рэальныя, і некаторыя з гэтых тэхналогій не былі створаны ні нашым урадам, ні іншымі дзяржавамі. Яны адсочваюць вайсковыя аб'екты па ўсім свеце. 

Хоць большая частка маёй 15-гадовай працы на ўрад ЗША па пытанні НЛА ўсё яшчэ застаецца канфідэнцыйнай, гэтая празмерная сакрэтнасць прывяла да сур’ёзных парушэнняў правоў асобных дзяржслужачых, грамадзян і вайскоўцаў — усё гэта, каб схаваць ад грамадскасці той факт, што мы не адны ў космасе», — заявіў былы высокапастаўлены чыноўнік Пентагона Луіс Элізонда на слуханнях у Кангрэсе ЗША.

Луіс Элізонда выступае ў Кангрэсе ЗША на слуханнях па НЛА, 13 лістапада. Скрыншот трансляцыі агенцтва Associated Press

Цім Гала, контр-адмірал ВМС ЗША ў адстаўцы, падзяліўся на слуханнях, што ў 2015 годзе ён асабіста назіраў НЛА падчас ваенных вучэнняў на ўсходнім узбярэжжы ЗША. Гала са спасылкай на тагачасныя даныя сэнсараў знішчальнікаў сцвярджаў, што «аб'ект валодаў характарыстыкамі, якіх не існуе ў амерыканскім арсенале», і дадаў, што пасля інцыдэнту інфармацыя аб аб'екце была засакрэчаная так, што нават яго ўзроўню доступу было недастаткова.

А былы чыноўнік НАСА Майкл Голд, які ўваходзіў у склад спецыяльнай групы агенцтва па даследаванню НЛА, заклікаў урад ЗША «не перашкаджаць навуковаму дыялогу аб невытлумачальных з'явах і пашырыць доступ грамадства да закрытых даных».

З'явіўся істотны доказ таго, што Вялікага выбуху ніколі не было

Астраномы патэнцыйна знайшлі сляды сямі высокаразвітых цывілізацый

НАСА ўпершыню паказала, што можа ўбачыць чалавек пры падзенні ў звышмасіўную чорную дзірку ВІДЭА

Nashaniva.com