У Расіі запусцілі масавую вытворчасць мабільных сховішчаў ад ядзернай вайны

Гэта распрацоўка навуковага цэнтра МНС Расіі.

19.11.2024 / 14:42

Серыйную вытворчасць мабільных сховішчаў ад ядзернага выбуху наладзілі ў Дзяржынску Ніжагародскай вобласці. 

Мабільны прытулак «КУБ-м» уяўляе сабой шматфункцыянальнае збудаванне, якое забяспечвае абарону людзей ад розных пагроз, уключаючы прыродныя бедствы і тэхнагенныя здарэнні.

У стандартнай камплектацыі сховішча складаецца з двух модуляў: памяшкання на 54 чалавекі і тэхнічнага блока. Па неабходнасці, ёмістасць можна павялічыць з дапамогай дадатковых модуляў.

Паводле слоў распрацоўшчыкаў, укрыццё можна транспартаваць на іншае месца і падключаць да існуючых інжынерных сістэм.

У прэзентацыйным роліку сховішча сцвярджаецца, што «КУБ-м» забяспечыць абарону ад паветранай ударнай хвалі, святлавога выпраменьвання ад ядзернага выбуху, радыяактыўнага забруджвання мясцовасці і пранікаючай радыяцыі, а таксама ад звычайных сродкаў паражэння, падаючых абломкаў будаўнічых канструкцый, атручваючых рэчываў і пажараў.

Nashaniva.com