Міліцыя праводзіць у Беларусі маштабнае камандна-штабное вучэнне. Абяцаюць спецтэхніку з перакрыццём вуліц і піратэхніку

З 19 па 22 лістапада на тэрыторыі краіны Міністэрства ўнутраных спраў праводзіць камандна-штабныя вучэнні пад эгідай Дзяржаўнага сакратарыята Рады бяспекі па даручэнні Лукашэнкі.

19.11.2024 / 08:38

Мерапрыемствы ўключаюць тэарэтычную і практычную часткі. Этапы трэніровак запланаваны ў сталіцы, абласных і раённых цэнтрах, паведамляе МУС

Падчас вучэнняў праваахоўнікі прадэманструюць гатоўнасць да аператыўнага рэагавання на «магчымыя ўскладненні абстаноўкі ў краіне падчас выбарчай кампаніі».

Мэта ўводных задач — «недапушчэнне праяў экстрэмізму і тэрарызму, уцягвання грамадзян у супрацьпраўныя дзеянні і спыненне парушэнняў грамадскага парадку».

У гэтыя дні магчыма перасоўванне спецыяльнай тэхнікі з перакрыццём вуліц, а таксама выкарыстанне піратэхнікі.

Nashaniva.com