Былы футбаліст «Мілана» і зборнай Беларусі напісаў аўтабіяграфію. Якой яна атрымалася?
Віталь Кутузаў напісаў кнігу яшчэ два гады таму, але ў масавы друк яна выйшла толькі цяпер. Прэзентуючы «В потоке «Волны», экс-футбаліст пафасна заявіў, што яе варта чытаць, бо ў кнізе ёсць усё. Паглядзелі, што ў гэтае «ўсё» ўклаў яе аўтар.
19.11.2024 / 09:00
Фота: t.me/kutuz007
Біяграфіі становяцца ўсё больш папулярным жанрам сярод нон-фікшну. У эпоху сацсетак і жыцця напаказ яны дазваляюць паглядзець на вядомых людзей пад іншым фокусам: адчуць іх боль, прайсці разам з імі праз цяжкасці і адрэфлексаваць іх скандалы і страты. Калі казаць пра кнігі спартоўцаў, то яны яшчэ больш канцэнтраваныя — прафесійны век атлетаў звычайна вельмі кароткі, а кошт памылкі куды вышэйшы, чым у прадстаўнікоў іншых сфер.
Біяграфічныя выданні пра беларускіх спартоўцаў можна пералічыць па пальцах адной рукі. Гэта «И жизнь, и слезы, и футбол…» 1992 года пра футбаліста Сяргея Алейнікава, а таксама «Simply the Best», якая з’явілася ў 2012-м пасля трагічнай гібелі хакеіста Руслана Салея. Абедзве кнігі былі напісаныя журналістамі газеты «Прэсбол» — Дзмітрыем Беленькім і Сяргеем Аляхновічам.
Іх фокус на Алейнікаве і Салеі быў невыпадковы: абодва былі найлепшымі сярод беларусаў у сваіх відах спорту, мелі багаты досвед жыцця за мяжой і відавочна цікавілі аматараў спорту. Калі ты не найлепшы, то прыцягнуць увагу да сябе можна неардынарнымі ўчынкамі ці на худы канец эпатажам. Таму, напрыклад, былы футбольны брамнік Генадзь Туміловіч не вылазіць з ютуба дзякуючы пераказу сваіх алкагольных прыгод у маладосці.
Кутузаў у складзе італьянскага «Мілана».
Віталь Кутузаў у параўнанні з іншымі беларускімі футбалістамі (асабліва дзейнымі) правёў выдатную кар’еру: ягоны пераход у італьянскі «Мілан» здзейсніўся проста ў перапынку матча супраць БАТЭ, ён гуляў у Партугаліі з юным Крышціяну Раналду і заспеў залатыя гады нацыянальнай зборнай. Але для тых, «хто ў тэме», гэта даўно вядомыя банальнасці, таму ад ягонага літаратурнага дэбюту дасведчанае вока чакае крыху большага. І гэта «большае» Кутузаў абяцае ў апісанні кнігі ў выглядзе эксклюзіўных успамінаў.
«В потоке «Волны» складаецца з некалькіх раздзелаў, якія прысвечаныя розным этапам футбольнай кар’еры аўтара. Назва кнігі абыгрывае сувязь Кутузава з радзімай — «Хваляй» называецца клуб з Пінска, дзе той нарадзіўся і рабіў першыя крокі ў спорце.
Заўважна, што кнігу пісаў чалавек, які шмат чытаў падобнай літаратуры і хацеў па гэтых лякалах зрабіць нешта сваё і крыху нават перастараўся. У біяграфіі Кутузава ёсць прадмова, уводзіны, пралог, эпіграфы, а кожны раздзел пачынаецца з пафаснага ўступу, дзе аўтар піша пра сябе ў трэцяй асобе.
1987-ы год, Пінск. Позняя восень, сем гадзін раніцы. На аўтобусным прыпынку, бедна асветленым жоўтымі падслепаватымі ліхтарамі, няёмка прыстроіўшыся паміж дзвюма вялікімі лужынамі, стаіць худзенькі, скурчаны на золкім ветры хлапчук гадоў сямі з маленькай спартыўнай сумкай.
Што робіць ён ветранай восеньскай раніцай пад брыдкім імжавым дажджом у той час, як яго аднагодкі яшчэ салодка спяць у цёплых утульных ложках, а большасць дарослых толькі-толькі пачынае збірацца на працу?
Ён едзе на трэніроўку. Ён устае задоўга да званка будзільніка, таму што ў ноч перад трэніроўкай не спіцца. Ён лічыць сябе найбагацейшым і шчаслівым: у яго ёсць кеды, футбольная форма, мяч. А больш нічога і не патрэбна.
У аўтабіяграфіі, сярод іншага, Кутузаў пакідае заўвагі да свайго ж тэксту, якія выглядаюць зробленымі проста дзеля стылістычнай разнастайнасці, каб кніга выглядала яшчэ больш візуальна стракатай.
Агулам «В потоке «Волны» чытаецца хутка і лёгка. Але ў працэсе з’яўляецца адчуванне, што перад табой не аўтабіяграфія аднаго з куміраў дзяцінства, а падручнік па тым, як стаць прафесійным футбалістам, разлічаны для падлеткаў і напісаны выдатнікам. Кутузаў шмат расказвае пра важнасць адказнага стаўлення да трэніровак, здаровага харчавання і пра тое, як у вялікіх еўрапейскіх клубах падтрымліваюць здароўе футбалістаў.
Ён нясмела крытыкуе спартовых чыноўнікаў і трэнераў свайго часу за тое, што ў яго бытнасць гульцом футбалісты не мелі патрэбных умоў для развіцця, а рэдкія незвычайныя гісторыі прыводзяцца без яркіх дэталяў. Сярод такіх можна згадаць зварот Кутузава да прадстаўніка мафіі, каб той паўплываў на фаната, які пагражаў сям’і футбаліста. Ці працу з таямнічай знахаркай цёцяй Любай, чый рытуал дапамог зборнай Беларусі перамагчы ў Парыжы французаў у далёкім 2010-м. Прынамсі, сам Кутузаў у гэтым перакананы.
У той жа час кніга перанасычаная прозвішчамі былых партнёраў спартоўца, якія айчынным аматарам футбола амаль нічога не кажуць. Цьмяную гісторыю з дыскваліфікацыяй за дамоўны матч, праз якую Кутузаў быў вымушаны скончыць кар’еру, ён наогул не згадвае. Хаця ў ёй ёсць і пра асабісты выбар, і пра драму прафесійнага спартоўца. Ды і сакрэту з гэтага сам экс-футбаліст не робіць — пра гэта ён расказваў у розных інтэрв’ю, але ва ўласную кнігу вырашыў не ўключаць.
Фота: t.me/kutuz007
Адказ на пытанне, чаму аўтабіяграфія Віталя Кутузава атрымалася такой, якой атрымалася, хаваецца ў самым канцы кнігі, дзе ён дзякуе чалавеку, які дапамагаў яе пісаць. Гэта Аляксей Гладкі, які займаецца прафесійным напісаннем артыкулаў і кніг, пераважна пра эканоміку, бухгалтэрыю і камп’ютары.
Скрыншот асабістага сайта Аляксея Гладкага.
Ён удала даў рады таму, каб сабраць у адзін пераплёт запыт замоўцы, але ягонага профілю не хапіла, каб раскрыць Кутузава як асобу і зрабіць кнігу ярчэйшай і цікавейшай. Таму і біяграфія футбаліста выйшла з прысмакам даведніка і без прыцэлу на камерцыйны поспех — яе выдалі прыстойным накладам 1500 асобнікаў за грошы БСБ-Банка.
І даволі паказальна, што, па прызнанні Кутузава, ніякай рэакцыі ад футбольнай супольнасці на яго кнігу не было. Але хочацца спадзявацца, што мы яшчэ прачытаем у аўтабіяграфіях, напрыклад, што адчуваў Аляксандр Глеб, калі ў яго не атрымалася ў «Барселоне», ці чаго было вартае маўчанне Дар’і Домрачавай.