Трамп збіраецца ўвесці надзвычайнае становішча, каб дэпартаваць усіх нелегалаў з ЗША
Аб гэтым новаабраны прэзідэнт Злучаных Штатаў заявіў у сваёй сацсетцы Truth Social.
18.11.2024 / 18:45
Фота: Bill Pugliano / Getty Images
Прэзідэнт прарэспубліканскай кансерватыўнай некамерцыйнай арганізацыі Judicial Watch Том Фітан напісаў у сацсетцы Truth Social, што прызначаная Дональдам Трампам новая адміністрацыя ЗША гатова задзейнічаць «вайсковыя сродкі і ўвесці надзвычайнае становішча па ўсіх Злучаных Штатах, каб правесці масавую дэпартацыю нелегальных мігрантаў з краіны».
Сам Трамп пракаментаваў дадзенае сцвярджэнне, назваўшы яго праўдзівым.
Нагадаем, што падчас перадвыбарчай кампаніі Дональд Трамп даў прыхільнікам абяцанне, што пасля перамогі зладзіць «найбуйнейшую дэпартацыю нелегальных мігрантаў у гісторыі ЗША».
Паводле Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША, толькі за апошнія тры з паловай года ў ЗША нелегальна прыбылі рэкордныя 10,1 мільёна чалавек.
Паводле вядучых амерыканскіх эканамістаў, якіх нядаўна апытала агенцтва Bloomberg, ідэя Трампа пазбавіць ЗША некалькіх сотняў мільярдаў, а то і трыльёнаў даляраў.
Агенцтва змадэлявала тры сцэнарыі барацьбы з мігрантамі, да якіх можа звярнуцца Трамп:
- Закрыць мяжу і больш нікога не пускаць.
- Заадно дэпартаваць нядаўна прыбылых нелегалаў.
- Дэпартаваць усіх мігрантаў, якія калісьці прыехалі без дазволу, нават калі яны з тых часоў ужо атрымалі дакументы.
«Чым менш працаўнікоў, тым менш ВУП, — пішуць эканамісты. — У другім сцэнары, пры дэпартацыі нядаўна прыбылых мігрантаў, да 2028 года агульны памер эканомікі, па нашых падліках, акажацца прыкладна на 3% меншым, чым быў бы без дэпартацыі. Пры гэтым насельніцтва будзе скарачацца не так хутка, таму сярэдні даход на душу насельніцтва паменшыцца».
Пакуль жа іміграцыя ідзе краіне на карысць і дазволіла ЗША расці хутчэй за Еўропу і іншыя развітыя краіны, нягледзячы на інфляцыю і рост кошту крэдытаў пасля кавіднай пандэміі, адзначае Bloomberg.
Нядаўні рэкордны прыток мігрантаў павялічыць ВУП ЗША на 7 трлн даляраў да 2034 года і прынясе дадатковы 1 трлн даляраў даходаў амерыканскай казне, падлічыў Бюджэтны офіс Кангрэса ЗША.
Сын Трампа назваў ідыётамі тых, хто даў дазвол на дальнабойныя ўдары па Расіі
Прарасійская палітык на чале амерыканскай разведкі? Гэта як паглядзець