Віцебскі «Макслайн» і «Шахцёр-2» выйшлі на матч у майках «За мірную і квітнеючую Беларусь»
У апошняй хатняй гульні «Макслайна» ў гэтым сезоне каманды правялі палітычную акцыю.
18.11.2024 / 18:09
Фота: прэс-служба «Макслайна»
Віцебскі «Макслайн» — адзін з нямногіх прыватных клубаў у чэмпіянаце Беларусі. У гэтым сезоне звязаны з букмекерскай канторай праект гуляе ў другім дывізіёне і ірвецца ў вышэйшую лігу.
Перад важнейшым дамашнім матчам перадапошняга тура з дублем салігорскага «Шахцёра» ў Віцебску вырашылі зладзіць палітычную акцыю. Футбалісты абедзвюх каманд выйшлі на гульню ў майках з надпісамі «Мы за мірную і квітнеючую Беларусь» у колерах дзяржфлага і буслам у выглядзе галачкі — гэта адсылка да выбараў.
Хто ініцыяваў гэтую акцыю — клуб ці федэрацыя — невядома.
Зрэшты, у іншых матчах тура нічога падобнага не было, што намякае на першы варыянт. Мабыць, каб замацаваць вынік, сёння віцебскі клуб у сацсетках апублікаваў пост з подпісам «Футбольны клуб «Макслайн» за мірную і квітнеючую Беларусь» з фатаграфіямі футбалістаў у гэтых майках.
Фота: прэс-служба «Макслайна»
«Макслайн» абыграў «Шахцёр-2» з лікам 3:0. Віцябляне за тур да канца ідуць на трэцім месцы ў першай лізе. У іх столькі ж ачкоў, колькі і ў «Нівы», але каманда з Долбізна вышэй за кошт асабістых сустрэч. Прамыя пуцёўкі ў вышэйшую лігу атрымаюць дзве лепшыя каманды, а трэцяя згуляе ў стыкавых матчах з «Нафтанам» з Наваполацка.
Аднак заваёва пуцёўкі ў вышэйшую лігу па спартовым прынцыпе не азначае гарантаванага падвышэння. Клуб павінен адпавядаць шэрагу крытэрыяў, у тым ліку па фінансах і стадыёне. Часам рэгламент у руках федэрацыі футбола становіцца бар'ерам для маладых прыватных клубаў, як гэта было з «Крумкачамі» і тым жа «Макслайнам», які не пусцілі ў вышэйшую лігу па выніках пазамінулага сезона.
Дарэчы, «Макслайн» сёлета актыўна ладзіць розныя яскравыя акцыі, у тым ліку дабрачынныя. Каманда, напрыклад, дапамагае прытулкам для жывёл: кожны месяц «Макслайн» закупляе ў прытулак корм з разліку 10 кілаграмаў за адзін забіты гол, а на адну з гульняў футбалісты выходзілі са шчанюкамі.
Акрамя таго, гульцы наведвалі з падарункамі і дзіцячыя дамы, у тым ліку інтэрнат для дзетак з асаблівасцямі.