На Аршаншчыне ўзмацніліся рэпрэсіі супраць чыгуначнікаў
З пачатку лістапада на Аршаншчыне ўзмацніліся палітычныя рэпрэсіі. Амаль кожны дзень у судзе Аршанскага раёна адбываюцца разборы спраў па «экстрэмісцкіх артыкулах». Паводле публічнай інфармацыі бачна, што найбольшая ўвага сілавікоў прыцягнута да чыгуначнікаў, піша orsha.eu.
18.11.2024 / 16:46
Фота: planetabelarus.by
Як піша выданне, не выходзячы на волю, ужо трэці раз быў асуджаны машыніст лакаматыўнага дэпо Юры Жук. Апошні раз яго асудзілі на «суткі» 13 лістапада, а да таго судзілі двойчы.
На мінулым тыдні ў спіс экстрэмістаў дадалі ўжо асуджанага Аляксандра Камленку. Да 2020 года ён таксама працаваў машыністам, а ў апошні час быў дальнабойшчыкам. Яго затрымалі ў лютым гэтага года, калі ён вярнуўся з рэйса.
Таксама на мінулым тыдні стала вядома, што быў затрыманы Валянцін Мартынаў — манцёр чыгуначных шляхоў. Яго абвінавачваюць па крымінальным артыкуле ў распаўсюдзе так званай «экстрэмісцкай» інфармацыі.