У Мінску са стральбой затрымалі бузацёра
Мінчук пагражаў нажамі жыхарам шматпавярховіка і міліцыянтам.
18.11.2024 / 14:56
Скрыншот відэа МУС
На лінію «102» паступіла паведамленне: у кватэры дома па вуліцы Халмагорскай мужчына, які быў у гасцях, стаў скандаліць, ламаць дзверы і кідацца на дзяўчыну, паведамляе прэс-служба МУС.
На месца выехалі супрацоўнікі Партызанскага РУУС. Пабачыўшы агрэсара з двума нажамі, міліцыянты запатрабавалі супакоіцца і кінуць зброю на падлогу.
Патрабаванні ён праігнараваў і, наадварот, размахваючы нажамі, накіраваўся ў іх бок. Супрацоўнікі папярэдзілі пра ўжыванне табельнай зброі, аднак мужчына не спыніўся. Міліцыянт стрэліў яму па нагах.
Мужчыну аказалі першую дапамогу і перадалі медыкам.
Фігурантам аказаўся 31-гадовы мінчанін, які раней быў неаднаразова судзімы, у тым ліку за хуліганства і незаконны абарот наркотыкаў, а таксама прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення.