Палітвязень Аўтуховіч: Калі са мной нешта здарыцца, дык гэта спецыяльна
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч паведаміў, што цягам 21 дня быў у ШІЗА. Прычыны пакарання Аўтуховіч не паведаміў. Як стала вядома «Радыё Свабода», палітвязень адчувае сябе дрэнна і непакоіцца за жыццё.
18.11.2024 / 14:18
18 лістапада асуджаны на 25 гадоў Мікалай Аўтуховіч, якога трымаюць у гарадзенскай турме, выйшаў на сувязь са сваякамі пасля больш як месяца маўчання. Ад палітвязня стала вядома, што ён адбыў 21 дзень у ШІЗА, дзе яму толькі зрэдку аказвалі медычную дапамогу, хоць ён мае хранічныя захворванні.
«Размова па тэлефоне была кароткай. Паспеў сказаць, што пачуваецца «не вельмі», бо 21 дзень прабыў у «санаторыі». Гэтак вязні там завуць ШІЗА. Яшчэ паспеў сказаць, што было вельмі халодна, толькі ў канцы тэрміну ў камеры адрамантавалі ацяпленне. Начамі, сказаў, увогуле «катастрофа», так было халодна», — расказала крыніца са спасылкай на сваякоў Мікалая Аўтуховіча.
Паводле яе, Мікалай Аўтуховіча скардзіўся на недахоп медычнай дапамогі.
«Ён хранічны гіпертонік, яму трэба рэгулярна кантраляваць ціск. Але сказаў, што забралі танометр, хаця ў яго быў дазвол на карыстанне. Яшчэ нерэгулярна выклікалі да яго доктара, калі ён прасіў дапамогі. Кажа, толькі ў адным з пяці выпадкаў выклікалі. Як звычайна, ён не шмат казаў пра здароўе, але гэтым разам сказаў, што «калі з ім штосьці здарыцца, дык гэта было зроблена спецыяльна».
Паводле звестак крыніцы, у Мікалая Аўтуховіча пухнуць ногі, таксама палітвязень пакутуе ад хваробы суставаў.
«Ён збіраецца скардзіцца на ўтрыманне ў ШІЗА і неаказанне медычнай дапамогі», — паведаміла крыніца.
Мікалаю Аўтуховічу за мінулы год не перадалі ніводнай бандэролі