Коўшык: Гэта і рукамі Рамашэўскай здарылася так, што «Белсат» цалкам залежны ад Польскага тэлебачання

Як і чаму Аліна Коўшык прыняла прапанову ўзначаліць «Белсат», якія змены чакаюць канал, ці варта непакоіцца гледачам і супрацоўнікам? На гэтыя і іншыя вострыя пытанні яна адказала ў інтэрв’ю ўласна «Белсату» адразу пасля прызначэння.

17.11.2024 / 23:20

Аліна Коўшык, колішняя прадстаўніца ў нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 15 лютага 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Як і чаму Аліна Коўшык прыняла прапанову ўзначаліць «Белсат», якія змены чакаюць канал, ці варта непакоіцца гледачам і супрацоўнікам? На гэтыя і іншыя вострыя пытанні яна адказала ў інтэрв’ю ўласна «Белсату» адразу пасля прызначэння.

— Аліна, як акрэсліць тваю цяперашнюю пасаду? Бо чытаю: галоўная рэдактарка «Белсату», кіраўніца «Белсату», дырэктарка «Белсату».

— Калі дакладна, пасада называецца галоўная рэдактарка «Белсату», то бок беларускай рэдакцыі, цяпер ужо Цэнтру для замежных медыяў Польскага тэлебачання.

— Чаму ты згадзілася на гэтую пасаду?

— Скажу шчыра, гэта была вельмі нечаканая прапанова для мяне, хоць размовы пра замену кіраўніцтва «Белсату» ішлі вельмі даўно. Я ведаю, што гэтая пасада прапаноўвалася шмат якім асобам, і было вельмі складана знайсці кагосьці, хто быў бы гатовы заняць гэтае месца.

Для мяне істотна тое, што цяпер «Белсат» перажывае складаны, сапраўды крызісны час, апошні год быў не толькі нервовы, але і няпэўны. Мы зрабілі ўсё, што маглі, каб уратаваць сам канал, і тут была, шчыра скажу, заангажаванасць з усіх бакоў: і з боку кіраўніцтва «Белсату», і з боку палітычных структураў, якія ўсе адным голасам казалі пра «Белсат».

І калі да мяне прыйшлі з прапановаю, я зразумела, што гэта такая апошняя дошка ратунку, бо я памятаю, што ўсе казалі пра тое, што вельмі важна, каб беларус або беларуска ўзначалілі «Белсат», што гэта прынцыповы момант, і палякі гэта пачулі.

Аліна Коўшык і Сяргей Падсасонны падчас інтэрв'ю. Скрыншот: «Белсат»

— Аляксей Дзікавіцкі, які яшчэ застаецца выконваць абавязкі дырэктара «Белсату» да снежня, таксама беларус і звязаны з каналам ад самага пачатку, то бок сямнаццаць гадоў. У гэтым выпадку ці не меў бы Аляксей Дзікавіцкі заставацца далей на пасадзе — і чаму не?

— Гэтае пытанне трэба задаваць тым асобам, якія прымалі рашэнне, і гэта была не я. Думаю, пэўныя прычыны на гэта былі, як журналісты вы можаце запытаць тых асобаў, якія прымалі рашэнне.

— Гэта не зроблена таксама праз тваю згоду?

— Не, наадварот, калі мне прапанова прыйшла, я дакладна ведала, што Аляксей Дзікавіцкі не застаецца на пасадзе.

Былая дырэктарка і стваральніца «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы піша: «15 лістапада 2024 года ліквідатар Польскага тэлебачання зліквідаваў «Белсат». Што ты скажаш на гэта?

— «Белсат» не зліквідаваны, добры доказ — тое, што мы ўсцяж яшчэ сядзім у гэтай студыі. 

«Застаецца брэнд «Белсату», застаецца каманда, застаюцца нашыя гледачы, і ў «Белсату» застаецца будучыня. Так, «Белсат» змяняецца, трансфармуецца, і гэта не самы прыемны момант, але часам так бывае, не ўсё залежыць ад нас».

Дарэчы, гэта і рукамі Агнешкі Рамашэўскай здарылася так, што «Белсат» цалкам залежны ад Польскага тэлебачання, і таму мы, як структура Польскага тэлебачання, мусім падпарадкавацца тым зменам, якія тут адбываюцца. Мы спрабавалі адвакатаваць за тое, каб «Белсат» заставаўся незалежным каналам. Не атрымалася. Скажу шчыра, не ўсё атрымліваецца, вельмі цяжка праводзіць такія акцыі, калі за табой не стаіць дзяржава, а наадварот — дзяржава працуе супраць цябе. Але «Белсат» перажываў розныя крызісы, я ўпэўненая, што перажыве і гэты.

— Ці не мае Аляксей Дзікавіцкі падставаў пачувацца сёння здраджаным табой?

— Мной? Гэта не здрада, гэта рашэнне польскіх уладаў, тэлебачання, да якога належыць «Белсат». Здрады ў гэтым я не бачу ніякай, акрамя таго, што я насамрэч не магла з Аляксеем паразмаўляць раней. Такія былі ўмовы працадаўцаў.

У Аб'яднаным пераходным кабінеце ты займалася абаронаю «Белсату» ў тым ліку, была распрацаваная дарожная мапа, пра якую ты ведаеш, і адным з пунктаў гэтай дарожнай мапы было захаванне пасады Аляксея Дзікавіцкага пасля зменаў, пасля рэформаў. Ці ты не бачыш нейкага канфлікту інтарэсаў: ты была пасвечаная ў гэтыя планы, мела перад польскімі чыноўнікамі бараніць «Белсат», пры гэтым згадзілася на іх прапанову і прыняла другі бок.

— Сяргей, я не да канца разумею гэтыя інсінуацыі. Планаў уратавання, дарожнай мапы «Белсату» я не бачыла. Сапраўды, я адвакатавала за «Белсат», заўсёды гэта рабіла. Дарэчы, была адзіным беларускім палітыкам, які прыходзіў на акцыі падтрымання «Белсату». Усе баяліся, а я прыходзіла, проста таму, што я дагэтуль лічыла сябе ў пэўным сэнсе часткаю белсатаўскай сям’і. Як кажуць, былых белсатаўцаў не бывае.

Я не адчуваю, што я зрабіла штосьці няправільнае, я зрабіла ўсё, што магла, каб гэта прайшло найлепшым чынам. Але рашэнне прымалі не мы, таму вельмі важна, каб «Белсат» выйшаў з гэтай сітуацыі і, быць можа, у будучыні атрымаў самастойнасць, каб такія сітуацыі не паўтараліся.

Дырэктар тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі. Варшава, Польшча. 18 сакавіка 2024 года. Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

— Аляксей Дзікавіцкі вярнуў знак каманднага гонару, уручаны Святланай Ціханоўскай некалі яму і Агнешцы Рамашэўскай, і напісаў так: «Тыя, хто ўручаў, ведаюць, чаму вяртаю, бо напісаў асабіста, не за спінай, гэта хутчэй пра стыль, сапсаваны компас і ўласны гонар». Дзіма Ягораў, былы кіраўнік ньюзруму, піша на гэта: «Няма гонару ў тых, хто так патрактаваў цябе і тваю працу». Няма ў цябе таксама асабістага адчування нейкай прыкрасці праз гэта?

— Гэта асабістае рашэнне Аляксея — вяртаць ці не вяртаць. Я б не хацела, каб мы сёння ўсю нашую размову прысвяцілі толькі таму, што адчувае Аляксей Дзікавіцкі. Калі ты пагаджаешся на публічную пасаду, ты падпарадкоўваешся пэўным правілам. У тэлебачанні кіраўніцтва змяняецца досыць часта, мне здаецца, што гэта добрая практыка. Змены «Белсату» былі вельмі патрэбныя. «Белсат» не ліквідуецца, «Белсат» захоўвае свой бюджэт, «Белсат» захоўвае сваю пазіцыю, «Белсат» захоўвае рэдакцыйную палітыку незалежную, а таксама кадравую палітыку. Гэта былі ўмовы, на якіх я пагадзілася прыняць гэтую прапанову.

— Ці мы будзем незалежныя ад палітыкаў — гэта вельмі істотнае пытанне.

— Абавязкова, так.

— Чаму тады ў гэта замяшаная Святлана Ціханоўская? Калі цябе прадстаўляюць калектыву, то гэта пачынаецца з выступу Святланы Ціханоўскай.

— Таму што Святлана Ціханоўская была заангажаваная ў абарону «Белсату», таму што Святлану Ціханоўскую «Белсат» таксама запрашаў да таго, каб яна дапамагала. Яна была частым госцем студыі, і мне падаецца, што нічога страшнага ў гэтым няма, і рабіць з гэтага інсінуацыі пра ўмяшанне не варта. Тут хутчэй важна было дыпламатычна сказаць падзяку палякам за тое, што «Белсат» працягвае вяшчаць. Сямнаццаць гадоў вяшчання — гэта вельмі багата, шмат высілкаў было ўкладзена ў тое, каб у нас, у беларусаў, было сваё беларускамоўнае тэлебачанне, і гэта дзякуючы польскаму падтрыманню. Таму выступ Святланы Ціханоўскай быў хутчэй словам «дзякуй», а не ўмяшаннем у рэдакцыйную палітыку.

Аліна Коўшык падчас інтэрв'ю. Скрыншот: «Белсат»

«Дзякуй» у дадзеным выпадку трошкі двухзначнае, бо фактычна ёсць знішчэнне незалежнасці каналу, мы застаемся як рэдакцыя, бо каналу няма.

— Сяргей, гэта спекуляцыі. Застаецца «Белсат» — так, канечне, змяняецца структура, але застаецца… Ты працуеш тут, нашыя гледачы атрымліваюць той самы прадукт, я спадзяюся, іх будзе яшчэ больш. Я спадзяюся, што навінаў па-беларуску на «Белсаце» стане больш у тым ліку, а не толькі па-расейску, і тое, што мы страцілі «Студыю Белсат», лічу, гэта было не вельмі добрае рашэнне. Гэта вельмі важна, каб мы больш расказвалі пра тое, што сапраўды адбываецца ў Беларусі, і гэта сапраўдная страта.

— Чаго нашым гледачам чакаць ад Аліны Коўшык?

— Я думаю, што нашыя гледачы пабачаць адноўлены «Белсат» з новай энергіяй, але нічога не будзе зроблена хутка, будуць абавязковыя кансультацыі з рэдакцыямі. Сваю працу я распачну з размоваў з кіраўнікамі адзінак у «Белсаце», потым — з рэдакцыямі. Таксама я ўжо сказала журналістам і іншым працаўнікам, што я адкрытая і да асабістых размоваў. Пасля таго, як я пазнаёмлюся з сітуацыяй, з паперамі, з бюджэтам, можна будзе прымаць нейкія рашэнні. Думаю, што «Белсату» даўно патрэбнае абнаўленне, і мы гэта здолеем разам зрабіць.

— Я абсалютна згодны, што змены заўсёды могуць быць на карысць, але як атрымалася, што працаўнікі даведаліся апошнія, што адбываецца ў гэтай справе?

— Гэта пытанне да кіраўніцтва тэлебачання. Мне прапанавалі прыйсці на 14-ю на сустрэчу з рэдакцыяй, што я зрабіла. Гэтае пытанне варта задаць тым людзям, якія арганізоўвалі сустрэчу.

— Ты пятнаццаць гадоў працавала на «Белсаце» перад тым, як сышла ў палітыку на два гады. Тады я памятаю нашае інтэрв’ю, і ты мне казала, што ідзеш наперад і назад вяртацца не збіраешся.

— Але гэта не вяртанне назад, гэта таксама рух наперад. Падтрыманне «Белсату» — стратэгічная задача ўсёй беларускай грамадскай супольнасці. Я лічу, што «Белсат» — гэта адно з самых галоўных беларускіх медыяў, і мы мусім зрабіць усё, каб ён і далей існаваў і ў найлепшым выглядзе. Мы бачым, што тэлевізійныя тэхналогіі ідуць наперад, мы бачым, якія велізарныя грошы ўпампоўваюцца ў прапагандысцкае тэлебачанне, мы разумеем, як цяжка канкураваць з карцінкай, візуалам, з тым, што мы ў выгнанні, таму выклікі ёсць — значныя для «Белсату», і з гэтым таксама трэба будзе сутыкнуцца.

— А што з Кабінетам? Ты пакідаеш вельмі істотную пасаду.

— Кабінет працягвае сваё існаванне, ён змяняецца, і гэта нармальна. У гэтым і ёсць дэмакратыя, што людзі там не назаўсёды. Пасля апошняга абнаўлення Кабінету, калі Вадзім Кабанчук прыйшоў, Вольга Зазулінская, Марго Ворыхава, склалася вельмі добрая атмасфера, вельмі добра ідзе праца, мы цяпер рыхтуем чарговыя крокі, стратэгічны дыялог, кансультацыйная група, кантактная група з Еўразвязам… Кабінет працягвае дзейнічаць, прыходзяць людзі з новай энергіяй, і гэта вельмі добра.

— То чаму сыходзіш з такой паспяховай пасады і з паспяховага месца туды, дзе ўсё невядома?

— У палітыцы таксама ўсё невядома, і гэта не самае істотнае. Важна рабіць тое, да чаго ты маеш перакананне, і на месцы прадстаўніцы ў нацыянальным адраджэнні я рабіла тое, да чаго маю перакананні. Каманда застаецца, будзе працягваць, цяпер ідуць перамовы пра тое, хто стане наступнікам або наступніцай на гэтай пасадзе. Я вельмі спадзяюся, што гэты кірунак захаваецца, таму што я лічу яго хіба не найважнейшым у палітыцы. Але, калі прыйшла такая прапанова, я пракансультавалася пра гэта ў тым ліку са сваёй кіраўніцай, і запытала, які выбар лепш зрабіць. Для ўсіх «Белсат» настолькі важнае медыя нацыябудаўнічае, што Святлана Ціханоўская мяне адпусціла.

— Святлана Ціханоўская адпусціла, але ты кажаш: «Мы абмяркоўваем, мы вырашаем»…

— Так, цяпер перыяд транзіту, я перадаю справы, таму яшчэ кажу «мы». Але, канечне ж, я ўжо не маю ўплыву на прыняцце палітычных рашэнняў, проста перадаю справы, таму што была ангажаваная ў шмат якія працэсы. Думаю, што для «Белсату» гэта будзе вельмі карысна. «Белсат», на жаль, заставаўся па-за шмат якімі працэсамі, якія ўплываюць у тым ліку на фінансаванне. Спадзяюся, што я здолею гэта змяніць.

Але што я магу абяцаць сёння, дык тое, што «Белсат» застанецца незалежным каналам, без цэнзуры, каналам для беларусаў перадусім і каналам, які робяць беларусы.

— Аліна, а што ты можаш абяцаць супрацоўнікам? Бо ўсе глядзяць толькі на адно: хто і калі будзе звольнены.

— Я думаю, што дарэмна. Напэўна, нейкія змены будуць, але цяпер пра гэта казаць зарана, я яшчэ не маю доступу да дакументацыі, да бюджэту, я не да канца разумею, хто, дзе, як працуе. Тое, што я абяцаю: перадусім будуць праведзеныя кансультацыі з нашымі калегамі ўсімі, і тады будуць прымацца рашэнні. Мы разумеем, што тэлебачанне — гэта машына, якую нельга спыніць або змяніць адразу, таму змены будуць павольнымі, і я спадзяюся, што бальшыня людзей застанецца на працы.

— Вырашаць гэта — лёс праграмаў і лёс людзей — будзе адзін чалавек, ты, ці будзе створаная нейкая рада?

— Я буду мець адказнасць за праграмную палітыку каналу. Ці будзе створаная рада, мы пра гэта падумаем. Ведаю, што пэўныя планы ёсць.

— Дзякуй, Аліна, за гэтую размову. Толькі дадам, што залежыць уласна ад цябе, як ты ўвойдзеш у гісторыю сучаснай Беларусі: як рэфарматарка таго, пра што ты кажаш, ці як знішчальніца «Белсату». Пэўна, ніхто не хоча быць тым знішчальнікам, гэта вядома. Таму зычу поспеху ў рэформах.

— Я не прыйшла сюды знішчаць «Белсат», і не трэба тут гэта падкрэсліваць, я не з’яўляюся тут нейкім рэвізорам, я не з’яўляюся Азаронкам, я вашая былая калега, якая таксама працавала на «Белсаце» ад самага пачатку. Думаю, я як ніхто добра ведаю праблемы гэтага каналу, але і моцныя бакі, і таму за гэта буду змагацца. Але насамрэч лёс «Белсату» залежыць не толькі ад мяне.

Nashaniva.com