Будучым канцлерам Германіі можа стаць мультымільянер. Што гэта будзе значыць для Еўропы?

Праз некалькі месяцаў у Германіі адбудуцца парламенцкія выбары. Аналітыкі называюць Фрыдрыха Мерца найбольш верагодным палітыкам, які прыйдзе на змену Олафу Шольцу. Чым ён адметны і як можа змяніцца палітыка Германіі, калі Мерц стане канцлерам?

18.11.2024 / 07:00

Лідар Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Германіі Фрыдрых Мерц. Фота: Kay Nietfeld / Getty Images

Фрыдрых Мерц, які ўзначальвае Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС) з 2022 года, нарадзіўся ў 1955 годзе ў прывілеяванай сям'і. Яго дзед па лініі маці быў прадстаўніком арыстакратычнага роду французскага паходжання. На працягу двух дзесяцігоддзяў дзед быў мэрам Брылона, дзе нарадзіўся будучы палітык. Бацька Фрыдрыха быў вядомым суддзёй, які праводзіў сярод іншага і працэсы над нацысцкімі злачынцамі.

У палітыку Мерц прыйшоў у 17-гадовым узросце, калі ўступіў у ХДС, сярод сяброў якой быў яго бацька. Малады чалавек атрымаў юрыдычную адукацыю, меў адвакацкую практыку, працаваў суддзёй.

З 1989 па 1994 год Мерц быў дэпутатам Еўрапарламента, затым на працягу 15 гадоў — дэпутатам Бундэстага. У 1998 годзе ён стаў намеснікам лідара фракцыі ХДС/ХСС і лічыўся адным з кандыдатаў на пасаду лідара ХДС, але ў 2002 годзе прайграў Ангеле Меркель.

Кіраўнік фракцыі Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) у Бундэстагу Фрыдрых Мерц і лідар ХДС Ангела Меркель на з'ездзе партыі 2 снежня 2003 года ў Лейпцыгу. Фота: Sean Gallup/Getty Images

У 2009 годзе Мерц адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці і сканцэнтраваўся на бізнэсе. Цяпер ён уваходзіць у лік мультымільянераў і перамяшчаецца на ўласным самалёце, якім кіруе як пілот-аматар.

Вядома, што за пасаду канцлера Германіі Мерц спрабаваў змагацца яшчэ ў 2001 годзе. Але беспаспяхова. Цяпер ён мае другі шанц.

Як піша The Wall Street Journal, Фрындых Мерц вярнуўся ў палітыку ў 2018 годзе, калі ХДС крытыкавалі за палітыку, якую праводзіла Ангела Меркель на пасадзе канцлера. Яна забараніла ядзерную энергетыку, адмяніла абавязковую вайсковую службу, павялічыла сацыяльныя дапамогі і прыняла амаль два мільёны бежанцаў.

Мерц жа выступае за зніжэнне падаткаў для бізнэсу, мінімізацыю ролі дзяржавы, зніжэнне выдаткаў на сацыяльнае забеспячэнне, вяртанне абавязковага прызыву на вайсковую службу, моцныя ўзброеныя сілы і службу бяспекі, скарачэнне іміграцыі.

З моманту яго абрання на пасаду старшыні ХДС у 2022 годзе партыя змясцілася ўправа, стаўшы больш кансерватыўнай. У выніку яе падтрымка ў грамадстве ўзрасла на 10 пунктаў і складае цяпер 34%.

У той жа час аналітыкі звяртаюць увагу, што асабістая папулярнасць Мерца адстае ад папулярнасці яго партыі. Лідар ХДС пакуль на 10 пунктаў адстае ад цяперашняга міністра абароны Германіі левацэнтрысцкага Барыса Пісторыуса, які з'яўляецца самым папулярным палітыкам Германіі.

У выпадку, калі СДПГ замест Шольца прапануе кандыдатуру Пісторыуса, Мерцу будзе не так лёгка заняць пасаду канцлера, нават нягледзячы на вялікую папулярнасць сваёй партыі.

Адным з ключавых пытанняў, якое ўплывае на перспектывы Мерца, з'яўляецца яго характар. Крытыкі лічаць, што яго імпульсіўнасць можа стаць сур'ёзнай перашкодай на шляху да поспеху. Па ўспамінах аднаго з чыноўнікаў, якія працавалі ў парламенце ў 1990-х гадах, Мерц часта губляў самавалоданне і рабіў заявы, аб якіх пасля шкадаваў.

У выніку перамогі Мерцу давядзецца вырашаць самую складаную задачу па аднаўленні эканомікі Германіі, якая не расце з 2019 года.

Вопыт працы ў прыватным сектары і багацце дазваляе параўнаць лідара ХДС з Дональдам Трампам, з якім яму ў выпадку абрання на пасаду канцлера давядзецца ўстанаўліваць добрыя адносіны.

Вядома, што Мерц сустракаўся з Трампам шмат гадоў таму, калі ўзначальваў арганізацыю Atlantik-Brücke, якая прасоўвала амерыкана-германскія адносіны. У той час Трамп быў яшчэ толькі забудоўшчыкам.

Невядома, якога меркавання на той час быў Мерц адносна амерыканскага бізнэсмена. Пазней, у 2021 годзе, ён напісаў у сябе ў твітары: «Трамп, падобна, не дэмакрат». Цяпер жа Мерц выказваецца больш асцярожна і заяўляе, што на пасадзе канцлера будзе імкнуцца заключаць узаемавыгадныя здзелкі з новаабраным прэзідэнтам ЗША.

Што тычыцца Кітая, то Мерц займае больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да гэтай краіны, чым Шольц і Меркель. Ён адкрыта крытыкуе Пекін за ўнутраныя рэпрэсіі і агрэсіўную знешнюю палітыку. На яго думку, Кітай уяўляе сур'ёзную пагрозу бяспецы Германіі і Еўропы ў цэлым. Акрамя таго, ён заклікае нямецкія кампаніі зменшыць залежнасць ад другой па велічыні эканомікі свету, каб скараціць патэнцыйныя рызыкі для нацыянальнай і эканамічнай стабільнасці.

Фрыдрых Мерц (у цэнтры), мэр Кіева Віталь Клічко (справа) і яго брат Уладзімір Клічко (злева) размаўляюць з журналістамі на сумеснай сустрэчы ў Кіеве. 3 мая 2022 года. Фота: Andreas Stein / Getty Images

Што тычыцца Украіны, то, як піша Deutsche Welle, Мерц быў адным з першых, хто накіраваўся з візітам у Кіеў, і з тых часоў выступае за максімальную падтрымку Украіны. У прыватнасці палітык заклікаў Германію паставіць Кіеву ракеты Taurus і знішчальнікі.

Наколькі апраўдаюцца прагнозы аналітыкаў, мы даведаемся ў лютым наступнага года, калі ў Германіі пройдуць датэрміновыя выбары ў Бундэстаг.

Патэнцыйны будучы канцлер Германіі прапануе паставіць Расіі ўльтыматум

Нямецкую вёску назвалі найлепшым «разумным горадам» у свеце

Шольц сазваніўся з Пуціным — дэталі размовы

Германія і ЗША блакіруюць запрашэнне да ўступлення ў НАТА для Украіны, але не толькі яны

Антось Жупран