Настаўніца з Барысава перавяла махлярам 75 тысяч рублёў
Жанчына думала, што да яе піша дырэктар школы.
17.11.2024 / 13:59
39-гадовай настаўніцы з Барысава напісаў у мэсэнджар нібыта дырэктар школы, у якой яна працуе. У паведамленнях «кіраўнік» папярэдзіў, што работнікі іх установы адукацыі датычныя да злачынных схем, і з ёй звяжуцца.
Пасля гэтага да настаўніцы патэлефанавала невядомая жанчына. Яна прадставілася спецыялісткай банка і распавяла, што невядомы спрабаваў падаць заяўку на крэдыт на імя барысаўчанкі.
Каб выратаваць свае грошы ад махляроў, жанчыне прапанавалі ануляваць крэдыт. Для гэтага неабходна было перавесці буйную суму на «бяспечны» рахунак. Настаўніца аформіла крэдыты ў трох банках і перавяла махлярам больш за 75 000 рублёў.
Па гэтым факце сілавікі праводзяць праверку.