«Адна з найбуйнейшых паветраных атак». Расія выпусціла па Украіне 120 ракет і 90 дронаў

Па ўсёй краіне экстрана адключалі электрычнасць, у Адэсе ёсць праблемы з вадой.

17.11.2024 / 11:15

Наступствы ўдару ў Львоўскай вобласці. Фота: ДСНС Львоўскай вобласці

Расійскія войскі раніцай выпусцілі па Украіне каля 120 ракет і 90 дронаў. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго слоў, сілы ППА знішчылі больш за 140 паветраных цэляў. Пры гэтым расіянам удалося пашкодзіць некалькі аб'ектаў энергетычнай інфраструктуры Украіны. У Кіеве і вобласці, а таксама ў Днепрапятроўскай, Данецкай, Чаркаскай, Кіраваградскай і Жытомірскай абласцях улады ўжылі экстраныя адключэнні электрычнасці.

У Адэсе часова не хадзіў электратранспарт, украінскія СМІ паведамляюць пра праблемы з вадой і ацяпленнем. У Мікалаеве, паводле апошніх даных, загінулі два чалавекі, яшчэ шэсць атрымалі раненні, у тым ліку двое дзяцей.

Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сыбіга назваў нанесены войскамі РФ ўдар «адной з найбуйнейшых паветраных атак» ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Расіяне выкарысталі ўсе віды крылатых ракет, а таксама розныя тыпы дронаў-камікадзэ.

Nashaniva.com