Адвакат родам з Расіі прапанаваў Трампу стаць яго пасланнікам па Украіне

Адвакат Барыс Эпштэйн, які каардынаваў юрыдычную абарону ў крымінальных справах Дональда Трампа, прапанаваў таму стаць яго спецыяльным пасланнікам па расійска-ўкраінскай вайне.

16.11.2024 / 20:15

Барыс Эпштэйн. Фота: Yuki Iwamura, Pool/Getty Images

Эпштэйн прапанаваў гэта, калі яны ляцелі на сустрэчу з Джо Байдэнам у Белым доме, паведамляе The New York Times са спасылкай на свае крыніцы.

Па словах людзей, знаёмых з сітуацыяй, некалькі чалавек у самалёце, здавалася, былі шакаваныя ідэяй прызначыць Эпштэйна на важную дыпламатычную пасаду. Эпштэйн не мае досведу працы ў замежнай палітыцы. Да таго ж ён знаходзіцца пад следствам у Арызоне разам з некалькімі іншымі прыхільнікамі Трампа за спробу скасаваць вынікі выбараў 2020 года праз падробныя спісы выбарнікаў. 

Трамп не адхіліў прапанову Эпштэйна, але і не прымаў яго ўсур'ёз.

Сам Эпштэйн адмовіўся ад каментароў.

Эпштэйн нарадзіўся ў Расіі і жыў там у дзяцінстве да 11 гадоў. З яго слоў, у яго ёсць родныя і ў Расіі, і ва Украіне. Раней ён працаваў таксама ў аддзеле камунікацый Белага дома. Гэта адна з уплывовых фігур у атачэнні Дональда Трампа.

Nashaniva.com