За хабар затрымалі галоўнага інжынера на адным з прадпрыемстваў Мінгарвыканкама
У кастрычніку 2024 года быў затрыманы галоўны інжынер і намеснік генеральнага дырэктара ўпраўлення дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама, паведамляе «Люстэрка».
16.11.2024 / 18:36
Ілюстрацыйны здымак. Фота: uvdgomel / Telegram
Упраўленне дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання (УДМСіД) — гэта дзяржаўнае прадпрыемства, якое ўваходзіць у структуру Мінгарвыканкама. Яно займаецца будаўніцтвам і рамонтам дарог, а таксама вытворчасцю тратуарнай пліткі, грануляванага асфальту і жалезабетонных канструкцый для мастоў і дарог.
Па словах аднаго з супрацоўнікаў прадпрыемства, які доўгі час працуе ва УДМСіД, пасля прыходу ў чэрвені 2022 года новага генеральнага дырэктара Уладзіміра Латушкіна ў іх пачаліся праблемы.
Уладзімір Латушкін, генеральны дырэктар Упраўлення дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама. Фота: udms.by
«У красавіку 2023-га Латушкін прызначыў новага галоўнага інжынера і, па сумяшчальніцтве, намесніка генеральнага дырэктара. Ім стаў ягоны сябар Аляксандр Лапо», — кажа суразмоўца.
Паводле яго, у кастрычніку 2024-га Лапо проста на працоўным месцы затрымалі за хабар.
«Затрымалі яго супрацоўнікі аддзела барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС, дакладныя прычыны нам не паведамілі, але вядома, што Лапо падазраюць паводле арт. 430 Крымінальнага кодэкса ў атрыманні хабару. Усіх кіраўнікоў выклікалі на допыты. Ходзяць чуткі, што генеральнага дырэктара затрымлівалі на тры дні».
Затрыманне Лапо «Люстэрку» пацвердзіў яшчэ адзін супрацоўнік УДМСіД. Журналісту выдання, які патэлефанаваў у прыёмную прадпрыемства пад выглядам кліента, паведамілі, што Аляксандр Лапо не працуе там ужо больш за месяц.
Супрацоўнікі УДМСіД расказваюць, што сілавікі з АБЭЗ цяпер актыўна правяраюць дакументацыю прадпрыемства і дзейнасць яго кіраўніцтва. Яны не выключаюць, што ў хуткім часе на прадпрыемстве могуць адбыцца новыя затрыманні.