Пакуль Лукашэнка скардзіцца на беларусаў за любоў да Versace, прапагандыстка пахвалілася іх парфумай
Згодна з парадамі Лукашэнкі не хочуць жыць нават яго прапагандысты.
16.11.2024 / 16:42
Скрыншот сторыс Дар'і Рачко
На абласных «Дажынках» у Клімавічах Лукашэнкаў зноў пачаў скардзіцца на беларусаў. Маўляў, «рвуцца па Gucci, Versace і іншую гадасць, а трэба насіць сваё. І прывучаць дзяцей да гэтага».
Прыкладна ў той жа час самая маладая зорка беларускай прапаганды Дар’я Рачко (якой сёлета нехта наліў клей у замок дзвярэй) пахвалілася ў інстаграме пакупкай, якая яе вельмі ўсцешыла. А набыла яна туалетную ваду Versace Bright Crystal.
«Калі мяне пытаюць, на што я патраціла ўсе свае грошы, — напісала Дар’я. І дадала: — Нішто так не радуе, як догляд сябе».
Дарэчы, у Беларусі ёсць свой брэнд, які робіць парфуму — Dilis. Іх прадукты каштуюць адчувальна танней. У папулярнай сетцы «Залаты яблык» туалетную ваду Dilis прадаюць ад 18 рублёў за 100 мілілітраў.
За 30 мілілітраў Versace Bright Crystal у краме просяць каля 177 рублёў (гэта, сцвярджаецца, са зніжкай, звычайная цана — 235 рублёў).
І гэта не адзіны прыклад, калі наратывы прапаганды не супадаюць з жыццём, да якога імкнецца лукашэнкаўская эліта.
Вядучая БТ Марыя Багатыр, якая цяпер вядзе і «Марафоны адзінства» ў розных гарадах краіны, падчас адпачынку ў Катары расказвала пра шопінг у City Centre Doha Mall, дзе можна набыць рэчы такіх сусветна вядомых брэндаў як Louis Vuitton, Gucci, Dior (і «іншую гадасць», калі цытаваць Лукашэнку).
Дар’я Ганчарэвіч, уладальніца тытула «Міс Беларусь — 2021» і актыўная ўдзельніца розных праўладных мерапрыемстваў, любіць адпачываць у Еўропе і фатаграфавацца на фоне буцікоў Prada, Gucci і Louis Vuitton.
Спявае ў караоке, снедае ў Драздах. Чым займаецца ў вольны час фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава
Дзе тусіць лукашэнкаўская моладзь? П’е ў «Лебядзіным», адпачывае ў Парыжы і Мілане
Лукашэнка: Беларусы рвуцца па Gucci, Versace і іншую гадасць