Нямецкую вёску назвалі найлепшым «разумным горадам» у свеце

Гэтая навіна здзівіла нават немцаў: вёска Этэльн (Паўночны Рэйн-Вестфалія) з насельніцтвам 2 тысячы чалавек была адзначана Амерыканскім інстытутам інжынераў электратэхнікі і электронікі за высокі ўзровень лічбавізацыі.

16.11.2024 / 15:42

Фота: Wikimedia Commons

Наогул Германія не славіцца прасунутасцю ў галіне анлайн-тэхналогій (хутчэй, наадварот), але Этэльн у гэтых адносінах, паводле ацэнак журы, абышоў нават Ганконг, у якога другое месца, піша тэлеграм-канал «Што там у немцаў».

Што менавіта робіць Этэльн «разумным» горадам? Напрыклад, у мясцовых жыхароў ёсць дадаткі для розных паслуг: можна, напрыклад, запытаць паездку на транспарце, апублікаваць аб'яву або звязацца з кіраўніком паселішча.

Кожны жыхар можа бясплатна забраніраваць для сваіх патрэб агульны электрамабіль або грузавы электраровар — даступнасць можна адсочваць у дадатку. Там адлюстроўваецца нават, наколькі запоўнены вясковы кантэйнер для старога адзення.

Укараненне агульнадаступных тэхналогій у Этэльне было б немагчыма без удзелу саміх жыхароў.

Напрыклад, група з 60 чалавек праклала 30 кіламетраў оптавалакновага кабеля, прызначанага для перадачы даных. Жыхары Этэльна займаліся гэтым у вольны час — на пракладку кабеля спатрэбілася больш за тры тысячы працоўных гадзін.

Яшчэ адна важная распрацоўка — «лічбавы двайнік» вёскі ў інтэрнэце. Ён дазваляе мадэляваць небяспечныя сітуацыі, такія як паводка, так што любы жыхар можа даведацца, як будзе выглядаць вёска ў выпадку надзвычайнага здарэння і як трэба сябе паводзіць у такой сітуацыі.

«Усё, што мы стварылі, можа быць выкарыстана і ў іншых вёсках», — заявіў кіраўнік паселішча Ульрых Але.

Паводле яго слоў, вёску ўжо наведалі ўлады дзясяткаў нямецкіх муніцыпалітэтаў — каб пераняць досвед Этэльна. 

Nashaniva.com