Пасля хапуну ў Навагрудку прынамсі 6 чалавек застаюцца ў няволі
Крыніцы «Белсата» паведамляюць, што прынамсі шасцёра чалавек сярод тых, каго сілавікі затрымалі 15 дзён таму, не выйшлі пасля адбыцця адміністратыўнага арышту.
16.11.2024 / 14:43
У дачыненні затрыманых ужывалі розныя метады, якія, на думку юрыстаў, ёсць перавышэннем службовых паўнамоцтваў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Прыкладам можа быць справа супраць Міхаіла Зезюка.
Падчас затрымання сілавікі ўчынілі сапраўдны пагром у доме. Нічога, што можна было б тлумачыць як правапарушэнне, у яго не знайшлі. Відавочцы расказваюць, сілавікі ў тэлефоне Міхаіла самі падпісалі яго на адзін з тэлеграм-каналаў, прызнаны «экстрэмісцкім», і пасля гэтага павезлі на допыт.
За кратамі застаюцца муж і жонка Аляксандр і Ірына Лебедзі, Таццяна Палубок і яшчэ трое, прозвішчы якіх пакуль не называюцца.
Вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа расследуюць справу ў дачыненні асобаў, якія нібыта былі датычныя да тэлеграм-чату «Партызаны Наваградку». Супраць іх заведзеныя крымінальныя справы паводле артыкулу экстрэмізм. З усіх, каго дапытвалі ў справе, бяруць падпіску аб неразгалошванні.