У Мінску закрываецца візавы цэнтр Вялікабрытаніі
Куды зараз звяртацца па візу?
16.11.2024 / 09:21
Візавы цэнтр Вялікабрытаніі ў Мінску (TLScontact, вул.Няміга, 40) закрываецца 1 студзеня 2025 года. А ўсе працэдуры па апрацоўцы заявак на візу перадаюцца кампаніі VFS Global (вул. Бабруйская 6), піша Blizko.by.
На сайце TLScontact напісана, што з 4 снежня карыстальнікі візавага цэнтра Вялікабрытаніі не змогуць атрымаць доступ да сваіх анлайн-акаўнтаў. Калі была запланавана сустрэча, важна загрузіць усе неабходныя дакументы да гэтай даты.
Тых, хто запісаўся на падачу дакументаў у TLScontact да 4 снежня, змены не датычацца — прыём дакументаў пройдзе як і планавалася.
У выпадку, калі рашэнне па заяўцы не будзе прынята да закрыцця цэнтра, усе важныя файлы будуць перададзеныя ў VFS Global. Пасля гэтага з ім звяжуцца, каб перадаць праязны дакумент.
Калі заява ўжо пададзеная, але пастанову аб візе пакуль не прынялі, дакументы таксама перададуць у VFS Global.
Паслуга экспрэс-дастаўкі кур'ерам таксама больш не даступная праз TLScontact.