З Італіі дэпартавалі беларуса, які адседзеў у турме за забойства

Супрацоўнікі міграцыйнай паліцыі Італіі выканалі распараджэнне аб высылцы, выдадзенае прэфектам горада Рэджа-дзі-Калабрыя, у дачыненні да 59-гадовага ўраджэнца Беларусі.

16.11.2024 / 09:11

Фота: questure.poliziadistato.it

Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь і свет» са спасылкай на тамтэйшыя праваахоўныя органы.

Мужчына, які ўтрымліваўся ў турме «Сан-П'етра» паводле прысуду суда — 16 гадоў зняволення за наўмыснае забойства бразільянкі, утойванне трупа і крадзеж з дому, учыненыя ў правінцыі Анкона, — быў рэпатрыяваны ў краіну паходжання.

Адразу пасля вызвалення нашага суайчынніка, прызнанага сацыяльна небяспечнай асобай, суправадзілі спачатку ў памяшканне паліцэйскага кіравання, а затым у паветраную гавань Рыма — міжнародны аэрапорт Ф'юмічына.

Акрамя распараджэння аб высылцы, у дачыненні да грамадзяніна таксама прынятая мера аб забароне на паўторны ўезд на тэрыторыю Італіі тэрмінам 10 гадоў.

Nashaniva.com