Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну

Блогера, які сістэматычна крытыкуе расійскае Мінабароны за дрэннае вядзенне вайны, жорстка затрымалі на свяце ў пачатку кастрычніка.

15.11.2024 / 23:17

Фота з тэлеграм-канала «Трынаццаты»

Ягора Гузенку 5 кастрычніка жорстка затрымалі на вуліцы ў Новапаўлаўску Стаўрапольскага краю Расіі проста падчас канцэрту з нагоды Дня горада.

На відэа, якое завірусілася ў сеціве, Гузенка, якога паклалі тварам у асфальт, успамінае ўсе вядомыя яму не зусім цэнзурныя словы. 

Спачатку паведамлялася, што яго затрымалі па адміністраціўцы за наркотыкі. Потым стала вядома, што блогера абвінавачваюць у нападзе на паліцэйскага. Аднак да суда справа, мяркуючы па ўсім, не дойдзе.

Сёння канал «Трынаццаты» паведаміў, што суд задаволіў прашэнне Гузенкі аб адпраўцы на фронт. Z-блогер заключыў кантракт з Мінабароны і паедзе на вайну ў складзе штурмавога падраздзялення.

Ягор Гузенка ўдзельнічаў у вайне з Украінай з самага яе пачатку ў 2014 годзе, ваюючы на Данбасе. Аднак, вяртаючыся ў Расію, паводзіў сябе далёка не ціха, з-за чаго ў яго ўзнікалі праблемы.

Вядома, што ў 2022 годзе Гузенка ўжо знаходзіўся пад хатнім арыштам, але парушыў меру стрымання і самавольна паехаў на вайну з Украінай, пасля чаго быў абвешчаны ў федэральны вышук.

А затрымалі яго восенню 2021 года ў Санкт-Пецярбургу пасля бойкі з трыма мужчынамі. Блогер тады заяўляў, што адбіваўся ад іх з аэразольным пісталетам, а ў аддзеле паліцыі, куды яго даставілі, прабіў сцяну, спрабуючы зняць кайданкі.

У блогера амаль 300 тысяч падпісчыкаў, і ён адзін з тых расійскіх ваенкораў, якія, хоць і паслядоўна прытрымліваюцца шавіністычнай і антыўкраінскай пазіцыі, але могуць жорстка крытыкаваць і расійскіх вайскоўцаў, і цывільныя ўлады, закранаючы прынамсі ўскосна нават самога Пуціна. Не так даўно Гузенка, напрыклад, адразу ў некалькіх пастах праводзіў думку, што «здраднікі сядзяць у Крамлі».

На расійскага ваеннага блогера «Трынаццатага» завялі крымінальную справу

У Расіі жорстка затрымалі ваеннага блогера «Трынаццатага»

«Усё, што цяпер адбываецца, гэта здрада. Здраднікі сядзяць у Крамлі». У Расіі ўзбунтаваўся Z-блогер

«Бл*дарусы — нацыя здраднікаў і паразітаў». Z-каналы ў шаленстве ад рашэння Лукашэнкі адвесці войскі ад Украіны

Nashaniva.com