Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся
Пратэсты ў Сухуме (Абхазія) пачаліся супраць расійска-абхазскага інвестыцыйнага пагаднення. Людзі закідалі паліцыю бутэлькамі і яйкамі і прарваліся да парламента.
15.11.2024 / 22:32
Пратэстоўцы ў Абхазіі займаюць парламент. Скрын відэа «Эха Казказа»
Пасля таго, як пратэстоўцы ўварваліся ў парламент, пачаліся перамовы ўладаў і апазіцыі. Прэзідэнт самаабвешчанай рэспублікі Аслан Бжанія знаходзіўся ў Сухумі, але ў той час, калі людзі занялі будынак, у яго працоўным кабінеце было пуста.
Аб'яднаная апазіцыя і грамадскія арганізацыі стварылі Каардынацыйную раду па выхадзе з палітычнага крызісу, паведамляе мясцовае выданне «Рэспубліка».
Народ не разыходзіцца, з усёй Абхазіі людзі прыбываюць да комплексу ўрадавых будынкаў, якія занялі пратэстоўцы.
Пратэстоўцы патрабуюць афіцыйнай адстаўкі Аслана Бжанія. Апазіцыя прапануе, каб на час да наступных выбараў абавязкі прэзідэнта выконваў спікер Парламента Лаша Ашуба або кампрамісная фігура, якая задаволіць і Бжанію.
Сам Бжанія абвясціў, што не збіраецца сыходзіць у адстаўку.
«Падзеі сённяшняга дня ў чарговы раз паставілі нашу рэспубліку перад вялікімі праблемамі. Кіраўніцтва Абхазіі: прэзідэнт Абхазіі, віцэ-прэзідэнт Абхазіі, прэм'ер-міністр, члены ўрада знаходзяцца на месцах у Абхазіі і будуць знаходзіцца на месцах і будуць працаваць далей. Прасіў бы вас на правакацыі не паддавацца, я тут, у Абхазіі, і будзем працаваць далей. Мы будзем прыкладаць намаганні па ліквідацыі наступстваў гэтых падзей. Дзякую за падтрымку і за службу ўсіх грамадзянскіх і ўсіх людзей у пагонах», — прыводзіць яго словы «Эха Каўказа».
Аднак на фоне пратэстаў адміністрацыя прэзідэнта рыхтуе дакумент аб адкліканні з парламента інвестыцыйнага пагаднення з Расіяй, каб супакоіць абстаноўку.