Беларусаў прымушаюць падпісвацца не толькі за Лукашэнку, але і яго спарынг-партнёраў на выбарах

Многіх беларусаў прымушаюць ставіць подпісы «добраахвотна-прымусова» за альтэрнатыўных кандыдатаў, паведамляе «Люстэрка».

15.11.2024 / 20:52

Сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі. Мінск, 7 лістапада 2024 года. Фота: 1prof.by

Жанчына, якая працуе ў адным з прыватных прадпрыемстваў Віцебска, расказала выданню, што многія з яе калег баяцца пакідаць аўтограф за «канкурэнтаў» Лукашэнкі.

«Нас сабраў кіраўнік і сказаў па чарзе прыйсці з пашпартам у яго кабінет. Ён ніяк не палохаў, не ўгаворваў, проста сказаў, што трэба, і ўсё. Прапаноўваў пакінуць подпісы за двух прэтэндэнтаў: Лукашэнку і таго, які ідзе ад Камуністычнай партыі (Сяргея Сыранкова. — Заўв.).

Многія калегі цалкам добраахвотна распісваліся за першага, але за камуніста — не. Усе баяцца магчымых звальненняў, як гэта было пасля мінулых выбараў, калі падпісанты за іншых палітыкаў падпадалі пад рэпрэсіі».

З прымусовым зборам подпісаў за яшчэ адну «альтэрнатыўную» прэтэндэнтку Вольгу Чамаданаву (яшчэ да выхаду з гонкі) сутыкнулася іншая суразмоўца выдання, якая працуе ў адным з дзіцячых садкоў Гомеля.

«Як нам сказалі, усіх кіраўнікоў устаноў адукацыі абавязваюць збіраць подпісы. Нашаму дырэктару дасталася Чамаданава, кіраўніцтву адной з суседніх школ — Лукашэнка».

Збор подпісаў за вылучэнне Вольгі Чамаданавай праходзіў «у добраахвотна-прымусовай манеры».

«Нас усіх сабралі быццам бы на нараду, дзе пераканаўча прасілі паставіць подпіс за Чамаданаву, але пры гэтым сказалі, што прымусіць нас не могуць, — тлумачыць суразмоўца. —

Але на справе атрымалася так, што тых, хто подпіс не паставіў, выклікалі ў кабінет. І настойліва прасілі гэта зрабіць, аргументуючы тым, што мы працуем у дзяржструктуры і атрымліваем заробак, жывем пад мірным небам і гэтак далей. Казалі, што калі мы не ставім подпіс, то не хочам працаваць, не паважаем кіраўніка і вельмі моцна яго падстаўляем.

Яшчэ казалі, што калі нам нешта не падабаецца, то мы можам з'язджаць у Польшчу. Былі крыкі і эмоцыі, загадным тон. У многіх нашых супрацоўнікаў дзеці пасля 2020 года з'ехалі ў Амерыку і Польшчу. Але нават ім нічога не ўдалося зрабіць, прыйшлося падпісвацца».

Раней «Наша Ніва» пісала, як у абавязковым парадку збіраюць подпісы за Лукашэнку. Тых, хто адмаўляецца, заносяць у чорныя спісы.

«Калі ты не ў гэтым спісе, то будзеш у другім». Як у Беларусі збіраюць подпісы за Лукашэнку

Nashaniva.com